Весяліўся ўвесь народ. Рэпартаж са свята аграгарадка ў Ахрэмаўцах

Главное Отдых
Мінулая нядзеля ў Ахрэмаўцах была незвычайнай — з музыкай, песнямі, вясёлымі дзіцячымі галасамі, сустрэчамі старых сяброў, радаснымі тварамі мясцовых жыхароў, якія сабраліся на свята аграгарадка.

У прыгожай зоне адпачынку «Ля млына» разгарнулася гульнявая пляцоўка, дзе малыя з задавальненнем каталіся на надзіманай горцы, скакалі на батуце, фатаграфаваліся з роставай лялькай.

Агульная ўрачыстасць — добрая нагода прадэманстраваць сваё майстэрства: мерапрыемства арганічна дапоўнілі разнастайныя выставы. На цэнтральнай плошчы аграгарадка былі выстаўлены вырабы як мясцовых умельцаў, так і гасцей свята. Годнае месца заняла і гістарычная выстава, дзе размясціліся старажытныя фотаздымкі Ахрэмаўцаў.

Агр. Ахрэмаўцы на 1 студзеня налічваў 503 двары, дзе пражывалі 1 298 чалавек. На яго тэрыторыі знаходзяцца ААТ «ТБЗ Браслаўскі», ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс», яслі-сад — сярэдняя школа, філіял музычнай школы, філіял Беларусбанка, аддзяленне паштовай сувязі, бібліятэка, урачэбная амбулаторыя, пяць магазінаў.

Але ўсё ж жыхары, якіх сабралася на плошчы нямала, з цікавасцю чакалі тэатралізаванага прадстаўлення.

Перад пачаткам дзеяння выступіла старшыня мясцовага сельсавета Дзіяна Тарун. Яна павітала аднавяскоўцаў і падзякавала ім за значны ўклад у агульную справу па добраўпарадкаванні сваёй малой радзімы. Асаблівыя словы ўдзячнасці старшыня выказала Вользе Пятроўскай, Леаніду Сільмановічу, Наталлі Гінько, Аляксандру Кацубу, Сяргею Рыбалку, Анатолію Каралькову, Наталлі і Аляксею Камісаравым, Тамары Лапыр, калектывам мясцовай сярэдняй і музычнай школ.

Потым на свята завітала праезджая госця Алена са сваім сынам Яначкам. Прычым малады чалавек цягнуў сам воз, на якім сядзела яго маці.

Зразумела, незвычайны від транспарту вельмі заінтрыгаваў гледачоў. Пасля апавядання пра свае прыгоды жанчына пацікавілася, дзе яны апынуліся. І вядучая Ганна зрабіла экскурс у гісторыю мястэчка.

Назва Ахрэмаўцы паходзіць ад прозвішча Ахрэмавічоў, якія валодалі мясцовымі землямі ў XVII ст. З сярэдзіны XIX ст. вёска адносілася да маёнтка Бяльмонты, які ў гістарычных крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1748 г. як уладанне роду Гільзенаў. Пры іх Бяльмонты і атрымалі сваю назву. У 2-й палове XVIII — пачатку XIX стст. быў пабудаваны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў у сябе двухпавярховы мураваны палац з 33 пакоямі і парк плошчай 65 га. Потым уладальнікам замка і земляў стаў граф італьянскага паходжання Мікалай Манузі, а затым яго сын Станіслаў, які ажаніўся з Канстанцыяй Плятэр. У гэтым палацы падчас руска-французскай вайны 1812 года размяшчалася стаўка камандуючага 1-й Заходняй арміяй генерала Барклая дэ Толі, да якога нават аднойчы заязджаў рускі імператар Аляксандр І. А праз пару дзён пасля сыходу рускіх у Бяльмонтах спыніўся неапалітанскі кароль і маршал Францыі Іаахім Мюрат. У маёнтку ён правёў тры дні і за гэты час закахаўся ў маладую гаспадыню Канстанцыю Плятэр. Ды так моцна, што прысвяціў ёй некалькі вершаў, якія пазней у Неапалі былі пакладзены на музыку.

А потым па просьбе госці расказала пра сучасныя будні аграгарадка.

На тое і свята, каб на ім здаралася нешта незвычайнае. Так адбылося і ў Ахрэмаўцах, калі на плошчу на матаблоку выехаў мясцовы Кулібін Санька ў танкавым шлемафоне і акулярах, як у лётчыка.

У кузаве была машына часу, якую ён нядаўна змайстраваў. Пасля спрэчак вядучых гэты цуда-агрэгат рызыкнулі выпрабаваць. Некалькі маніпуляцый вынаходніка — і з машыны пайшоў зялёны дым.

З яго завесы спачатку з’явіліся дзяўчаты ў бальных сукенках, а праз некалькі хвілін — Канстанцыя Плятэр і Іаахім Мюрат вярхом на конях. Пад прыгожую музыку маршал Францыі прызнаецца графіні з Бяльмонтаў у каханні.

Усе чакаюць, чым скончыцца іх размова.

Але ў гэты момант Кулібін пакруціў свае клавішы, пайшла чырвоная дымавая завеса… і ўсё знікла.

Алену так уразіў аграгарадок, што яна вырашыла знайсці тут нявесту для сына. Але выставіла ўмовы, каб дзяўчына была і гаспадыня добрая, і адукаваная, і прыгожая, і не зусім звычайная.

Раздаецца рокат матораў — і на пляцоўку выязджаюць байкеры. Усяго тры спробы было ў Янкі, каб пад экіпіроўкай знайсці сваю будучую суджаную. На жаль, яму гэта не ўдалося.

Тым не менш Алена цвёрда вырашыла пераехаць у Ахрэмаўцы разам са сваёй сям’ёй, бо вельмі спадабаўся ёй прыгожы сучасны аграгарадок. На развітанне жанчына пажадала сваім будучым суседзям шчасця, здароўя і дабрабыту.

Падчас прадстаўлення гледачоў радаваў сваімі песнямі гурт «Вярба» Дрысвяцкага сельскага дома культуры, а пасля прадстаўлення для ўсіх іграў духавы аркестр Ахрэмаўскага ДССШ.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.