Работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці 2 верасня адзначылі сваё прафесійнае свята

Новости
Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці — гэта свята мужных духам людзей, праца якіх карыстаецца заслужанай павагай у грамадстве. Яна патрабуе высокай кваліфікацыі, адказнасці і вытрымкі. Газаўшчыкамі называюць сябе людзі самых розных прафесій, якіх яднае агульная мэта — забеспячэнне энергетычнай бяспекі краіны, бесперабойная і безаварыйная дастаўка спажыўцам прыроднага ці звадкаванага газу.

На думку дырэктара ВУ «Браслаўгаз» Андрэя Гаганава, у сваё прафесійнае свята работнікам філіяла ёсць чым ганарыцца. Працягваецца мэтанакіраваная газіфікацыя Браслаўскага, Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Удасканальваецца азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторый і адміністрацыйных будынкаў філіяла. Захоўваюцца традыцыі мінулага пакалення супрацоўнікаў газавай службы. Пацвярджаюць гэта вынікі вытворчай і грамадскай дзейнасці.

Так, па стане на 1 жніўня на абслугоўванні ўпраўлення знаходзілася 28 358 кватэр, з іх газіфікаваных ад сетак прыроднага газу — 9 413, у тым ліку 4 578 індывідуальных жылых дамоў, 18 778 кватэр — ад індывідуальных газабалонных установак і 167 — ад ёмістых.

За мінулы перыяд 2018 года ВУ «Браслаўгаз» газіфікаваў 62 кватэры, у тым ліку 5 — прыродным газам, 57 — звадкаваным. Па гэтым паказчыку даведзены план перавыкананы ў 1,8 разу. Таксама сёлета 50 індывідуальных жылых дамоў пераведзены са звадкаванага газу на прыродны, актыўна праводзілася інвентарызацыя газабалонных установак у абанентаў. На 13,9 км прыраслі сеткі прыроднага газу, агульная працягласць якіх складае 422 км.

Галоўнай каштоўнасцю прадпрыемства, упэўнена сцвярджае яго дырэктар, з’яўляюцца людзі: працоўны калектыў налічвае 146 работнікаў, з іх 37 % маюць вышэйшую адукацыю. Увогуле трэба сказаць, што пытанні, звязаныя з прафесійнай падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай спецыялістаў і рабочых, займаюць у філіяле асаблівае месца. Сёлета, напрыклад, курсы павышэння кваліфікацыі прайшлі ўжо 87 чалавек.

Між іншым, нягледзячы на напружаную працоўную дзейнасць, работнікі ВУ «Браслаўгаз» заўжды знаходзяць час, каб плённа прымаць удзел у творчых конкурсах і прафесійнага майстэрства, спартыўных спаборніцтвах, аглядах-конкурсах вытворчых баз.

Зразумела, што поспехі ў вытворчай, грамадскай, спартыўнай ці творчай дзейнасці, якімі сёння могуць ганарыцца многія работнікі філіяла, дасягнуты найперш упартай працай, але дырэктар заўважае, што нельга знімаць з рахунку і намаганні ветэранаў працы, якія па крупінках стваралі ўсё тое, што і цяпер дапамагае выконваць асноўную задачу — бесперабойнае і безаварыйнае газазабеспячэнне спажыўцоў. Дарэчы, у бягучым годзе ў ВУ «Браслаўгаз» створана і пярвічная арганізацыя грамадскага аб’яднання ветэранаў. ■

На здымку: Вадзіцель аўтамабіля 4 разраду Юрый Брылевіч не толькі высокапрадукцыйна і эканамічна эксплуатуе замацаваны за ім аўтамабіль, але і як слесар абслугоўвае ў дамах грамадзян газавае абсталяванне. За добрасумленную працу і высокую выканаўчую дысцыпліну неаднаразова быў узнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякамі. У 2013 г. яму прысвоена званне «Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны», а сёлета Юрый атрымаў падзяку і ад кіраўніцтва «Белпалівагаза».

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.