Выкладчык Відзаўскага каледжа зняў камедыйны фільм пра працавітага мужа ды лянівую жонку

Отдых
Нядаўна ў Відзаўскім ДК адбылася дэманстрацыя кінакамедыі «Лявоніха». Цікава тое, што рэжысёрам-пастаноўшчыкам карціны з’яўляецца не прафесіянал, а аматар — мясцовы жыхар, выкладчык Відзаўскага каледжа Леанід Дзікцяроў.

Гэта ўжо другі яго гульнявы фільм. Мінулым летам відзаўчане змаглі ўбачыць меладраму па сцэнарыі докшыцкага драматурга Фёдара Палачаніна «Ты мне хто?!». Калі тая стужка закранае тэму так званага «грамадзянскага шлюбу» ў маладзёжным асяроддзі і яго магчымых негатыўных наступстваў, то сёлетняя камедыя прысвечана сямейна-бытавым адносінам людзей сталага ўзросту.

— У апошні час, — кажа Леанід, — побач з такімі паняццямі, як фізічны і псіхалагічны гвалт, з’явіўся яшчэ і сямейна-эканамічны. Калі тлумачыць больш проста, то гэта калі нехта ў сям’і не хоча несці матэрыяльную або фінансавую адказнасць за дзяцей і дабрабыт, імкнецца ўсе пытанні перакласці на плечы сваёй «другой паловы». У народзе гэтую сітуацыю называюць «лянівы муж» або «лянівая жонка». Камедыя «Лявоніха» менавіта пра такую лянівую жонку, якая ўвесь час прыкідваецца хворай, а яе муж усю дамашнюю справу бярэ на сябе, працуе да сёмага поту. А суджаная паціху з яго пацяшаецца і зусім не супраць за мужавай спінай завесці амурныя сувязі.

Сцэнарый для гэтай камедыі напісаў паэт і краязнавец з Шаркаўшчынскага раёна Язэп Квач. Усе ролі выканалі артысты-аматары, у эпізодах былі задзейнічаны мясцовыя жыхары. Мантажом займаўся відзаўчанін Раман Стома.

Фільм атрымаўся лёгкі і забаўны. У ім шмат смешных эпізодаў, народнай музыкі і прыпевак. Іграючы ролі, акцёры імкнуліся перш за ўсё пасмяяцца з саміх сябе.

Камедыя атрымала станоўчыя водгукі гледачоў. Пасля прагляду кінастужкі адбылася шчырая размова стваральнікаў фільма з прысутнымі. ■

Алена ПЯТУШКА