Маладыя педагогі прыступілі да працы ў Браслаўскім раёне

Власть и общество
Жнівеньская канферэнцыя настаўнікаў прайшла на базе гімназіі, і сваіх удзельнікаў яна сустрэла святочнай атмасферай.

Да вялікага настаўніцкага форуму ў фае ўстановы адукацыі была падрыхтавана выстава друкаванай і сувенірнай прадукцыі, прысвечаная сістэме адукацыі раёна ў Год малой радзімы, якую ўсе з цікавасцю разглядалі.

Адукацыі на Браслаўшчыне надаецца значная ўвага, бо яна з’яўляецца фундаментам для развіцця граматнага, творчага маладога чалавека, будучага спецыяліста. Таму заўсёды канферэнцыю педагогаў наведваюць прадстаўнікі раённай улады. Сёлета на яе завіталі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Чагарына.

У гэтым годзе тэмай педагагічнай канферэнцыі стала «Забяспячэнне сучаснай якасці адукацыі праз аптымізацыю і эфектыўнае выкарыстанне існуючых рэсурсаў».

Начальнік аддзела па адукацыі Іван Абаровіч прааналізаваў вынікі мінулага навучальнага года і падкрэсліў задачы на будучы. Ён гаварыў пра лепшых педагогаў і вучняў, дасягненні на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Ішла размова не толькі пра станоўчыя моманты і поспехі, але і пра праблемы.

У мінулым навучальным годзе ў садах выхоўваліся 840 малых, 2 441 вучань атрымліваў адукацыю ў школах. І каб дзеці раслі ўсебакова развітымі асобамі, ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы. Для школьнікаў з аддаленых вёсак арганізаваны падвоз, 99,8 % ахоплены гарачым харчаваннем, у іх разнастайны выбар аб’яднанняў па інтарэсах (275), дзейнічалі 37 спартыўных гурткоў, функцыянавалі 43 прышкольныя аздараўленчыя лагеры.

Безумоўна, якасць адукацыі правяраецца вынікамі навучальнага года, поспехамі на алімпіядах, конкурсах і цэнтралізаваным тэсціраванні. Так, 8 % вучняў 3 — 11 класаў скончылі школу на 9-10 балаў, з 170 выпускнікоў 11 класаў дзесяць сталі залатымі медалістамі і 60 узнагароджаны пахвальнымі лістамі. З добрымі вынікамі закончылі школу і дзевяцікласнікі: з 189 дзесяць атрымалі пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Добра сябе праявілі нашы выпускнікі і на цэнтралізаваным тэсціраванні: сярод сельскіх раёнаў яны мелі сярэдні бал, вышэйшы за абласны, па дзевяці прадметах. У розных этапах рэспубліканскай алімпіяды прынялі ўдзел 583 школьнікі. Выдатна яны праявілі сябе на абласным узроўні, адкуль прывезлі 6 дыпломаў, што дало магчымасць заняць 4 месца ў вобласці. З дыпломам 3 ступені вярнулася гімназістка з рэспубліканскага этапа. Штогод юныя браслаўчане актыўна ўдзельнічаюць у раённай навукова-практычнай канферэнцыі.

Удзельнікаў педагагічнага форуму павітала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка. Яна зазначыла, што педагогі Браслаўшчыны прыкладаюць шмат намаганняў для развіцця духоўных і маральных якасцей нашых дзяцей, выхоўваюць у іх любоў да сваёй роднай зямлі, фарміруюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. В. Вялічка падзякавала ўсім за падрыхтоўку школ да новага навучальнага года і пажадала педагогам поспехаў і новых дасягненняў.

Па традыцыі на сцэну падняліся маладыя настаўнікі, якія прыбылі ў наш раён. Сёлета вялікая педагагічная сям’я прыняла ў свае рады чатырох новых членаў. Кожнага з іх прадставілі, павіншавалі, уручылі працоўную кніжку і кветкі.

Скончылася канферэнцыя святочным канцэртам, які падрыхтавалі школьнікі і самі педагогі. ■

На здымку: Першыя крокі ў прафесіянальнае жыццё зрабілі маладыя педагогі Кацярына Міхновіч, Святлана Радзэвіч, Дзмітрый Вансовіч і Даната Бяляўская.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *