У браслаўскіх школах спецыялісты Белаграпрамбанка праводзяць заняткі па фінансавай адукаванасці

Власть и общество
У пачатку верасня разам з новым навучальным годам пяты раз стартавала і рэспубліканская акцыя па фінансавай граматнасці «Твае першыя фінансы». Мерапрыемства, арганізатарам якога з’яўляецца ААТ «Белаграпрамбанк», працягнецца тры месяцы. За гэты час усе вучні пятых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі атрымаюць зборнікі з аднайменнай назвай, выпуск якіх, дарэчы, адобраны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Як заўсёды, актыўны ўдзел у акцыі прымаюць і супрацоўнікі ЦБП № 244 у Браславе. Урачыстасці, прымеркаваныя да гэтага мерапрыемства, адбыліся ў панядзелак у гімназіі. Госці завіталі да пяцікласнікаў акурат на матэматыцы і надалі ўроку цікавае фінансавае адценне.

Начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг Ірына Галачова пазнаёміла дзяцей з акцыяй, а яго супрацоўнікі крыху расказалі пра гісторыю грошай, іх прызначэнне і сучасныя спосабы аплаты тавараў і паслуг. Пяцікласнікі, аднак, не разгубіліся ў моры фінансавай інфармацыі і сталі задаваць пытанні, напрыклад, наконт росту курсу еўра, падзення рубля і перспектыў біткоіна, чым прыемна здзівілі банкаўскіх гасцей.

Дарэчным у такой аўдыторыі быў і галоўны падарунак ад банкіраў — кніга «Твае першыя фінансы», якая падрабязна раскажа, што такое грашовыя сродкі, банкаўская плацежная картка, банк, уклад, крэдыт, а таксама як правільна распарадзіцца грашыма, каб не толькі іх зберагчы, але і памножыць. За пяць гадоў існавання акцыі фармат кнігі пашырыўся. Сёлета яна дапоўнілася раздзелам цікавых галаваломак і рэбусаў з яркімі ілюстрацыямі, табліцамі і малюнкамі. Галоўнае ж заключаецца ў практычнай накіраванасці выдання, якое дапаможа вырашыць надзённыя бытавыя пытанні.

Такі ж цікавы ўрок па фінансавай граматнасці і падарункі на памяць у гэты дзень чакалі і другі пяты клас гімназіі. Далей акцыя пакрочыла ў СШ № 1 і 2. І такім чынам кожны пяцікласнік раёна атрымае сваю першую кнігу па фінансах. ■

За час існавання праекта яго ўдзельнікамі сталі больш за 250 тысяч вучняў. У гэтым, юбілейным годзе яшчэ больш чым 100 тысяч школьнікаў павысяць узровень фінансавай граматнасці і атрымаюць падарункі ад Белаграпрамбанка.

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.