Мядовыя гарбузы і бульбіны незвычайнай формы: падпісчыкі «Браслаўскай звязды» дзеляцца фатаграфіямі свайго суперураджаю

В свободное время
Днямі ў рэдакцыю газеты завітала браслаўчанка з завулка Пясчанага, 7 А Ганна Аляксееўна Скур’ят, каб падзяліцца з чытачамі радасцю ад атрыманага ўраджаю.

Па словах жанчыны, прырода сёлета вельмі шчодрая на дары агароднікам. З мужам яны сабралі на сваім прысядзібным участку 15 вядзёр агуркоў, 16 — морквы сорту «чырвоны велікан», і капусты хопіць на зімні сезон сабе і дзецям. Але найбольш уразілі гарбузы. Пасеяла іх гаспадыня толькі 4 семечкі, і то адно мядзведка знішчыла. З тых, што засталіся, выраслі 11 ружова-залацістых прыгажуноў сорту «мядовы». Сапраўдны мядовы смак гарбузянкі ўжо паспрабавалі родныя і знаёмыя.

У хатняй гаспадарцы не знайшлося вагаў з патрэбнай па велічыні шкалой, каб узважыць найбольшыя экзэмпляры, а вось у абхваце яны звыш паўтара метра.

Бульбіны незвычайнай формы

Тэрэза Бондар жыве ў Браславе. Цяпер яна на заслужаным адпачынку, таму большасць часу праводзіць у Даньках у бацькоўскім доме мужа, дзе даглядае і прысядзібны ўчастак. Жанчына кажа, што сёлета прырода падарыла такі багаты ўраджай памідораў, агуркоў, іншай гародніны, што прама заглядзенне. І хоць сапраўдных веліканаў садавіны і гародніны не вырасла, затое сустракаюцца экзэмпляры вельмі незвычайнай формы, такія, напрыклад, як гэтыя бульбіны, што трапілі ў аб’ектыў фотаапарата. ■

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.

 

Глядзіце таксама:  цуда-цыбуліныагурок даўжыней 70 смгіганцкі памідор і бульбіна-велікан.