Боршч і пюрэ з катлетамі — любімыя стравы механізатараў з ААТ «Друйскі»

Люди
Хутка скончацца восеньскія палявыя работы, змоўкне гул тэхнікі і разам з механізатарамі крыху адпачнуць і повары. Вось і работнікі кухні ААТ «Друйскі», якія, дарэчы, гатуюць абеды круглы год, прызнаюцца, што час сяўбы і ўборкі ўраджаю і для іх таксама гарачая пара.

У сезон у сталовай вараць штодзень каля 100 абедаў і 40 сняданкаў. Кормяць у гаспадарцы механізатараў, жывёлаводаў, пастухоў і спецыялістаў. Повар Аліна Галінская з памочніцай Святланай Гірон прыкладаюць усе намаганні, каб прадукты былі свежымі, меню — разнастайным, а ежа — смачнай. Гаспадыні кажуць, што імкнуцца дагадзіць кожнаму. Супы — на любы густ, гарачае таксама. Прыкладна на працягу двух тыдняў ніводная страва не паўтараецца. На гэты конт повар падзялілася сваімі назіраннямі:

— Мужчыны аддаюць перавагу звыклым хатнім стравам. Лепш за ўсё яны ядуць боршч, у спякотны, сонечны дзень любяць халаднік, а на другое — пюрэ з катлетамі. Хаця з поля, — не без гонару дадае мая суразмоўніца, — заўсёды ўвесь посуд вяртаецца пусты: раз усё з’ядаюць, значыць, смачна! А наогул работа клопатная, складаная і вельмі адказная.

На самай справе аказваецца, што і повар у адказе за ўраджай. Бо без гэтага звяна ў доўгім ланцугу тых, хто мае дачыненне да такой высакароднай справы, сапраўды ніяк. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *