Колькасць браслаўскіх школьнікаў, якія сталі студэнтамі ВНУ, знізілася. Вынікі ўступнай кампаніі

Новости
Лета адлічвае свае апошнія дні, а значыць, прыйшла пара не толькі рыхтавацца да новага навучальнага года, але і падводзіць вынікі ўступнай кампаніі.

Сёлета са школ Браслаўскага раёна ў дарослае жыццё ступілі 170 учарашніх адзінаццацці- і 189 дзевяцікласнікаў. Зразумела, для старэйшых выпускнікоў летнія месяцы былі асабліва напружанымі. І больш за ўсё іх хвалявалі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, бо ад колькасці набраных балаў залежала іх паступленне ў жадаемую навучальную ўстанову.

Як правіла, выпускнікі 11 класаў мэтанакіравана паступаюць у ВНУ. Але студэнтамі становяцца толькі самыя падрыхтаваныя з іх. У гэтым годзе ў ВНУ паступілі 86 чалавек (летась 107).

Сярод устаноў раёна традыцыйна ў лідарах гімназія: студэнтамі вышэйшых устаноў сталі каля 30 яе выпускнікоў, паступілі і 23 навучэнцы СШ № 1. Не адстаюць ад гарадскіх школ і сельскія. Добрымі вынікамі ўступнай кампаніі могуць ганарыцца Опсаўская і Слабодкаўская школы, дзе ў лік студэнтаў ВНУ трапілі адпаведна 60 % і 50 % выпускнікоў.

Сярод абраных ВНУ лідзіруюць сталічныя, на другім месцы — установы ў абласных цэнтрах.

Перавагу сярэдне-спецыяльным навучальным установам аддалі 70 чалавек. А вось 88 выпускнікоў сталі навучэнцамі прафесійна-тэхнічных устаноў. Амаль палова з іх выбралі Відзаўскі каледж, выкарыстаўшы магчымасць атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць побач з домам.

Далейшае навучанне ў школах раёна працягнулі 112 выпускнікоў базавай адукацыі. Зразумела, што ў 10 класы ідуць падрыхтаваныя дзеці, якія маюць высокую матывацыю і працуюць на вынік, таму годна паказваюць сябе на алімпіядах, цэнтралізаваным тэсціраванні і паступленні ў ВНУ. ■

Алена ПЯТУШКА.