Пра што пісала «Браслаўская звязда» 25 гадоў таму назад (жнівень 1993-га)

Калейдоскоп
ПЕРАКРЫВАЮЦЦА МЕЖЫ

Раней паміж Беларуссю і Прыбалтыкай межы былі зусім умоўнымі, адміністрацыйнымі. Цяпер жа яны набылі статус дзяржаўных. Па рашэнні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь на ўсіх дарогах, што вядуць да суседніх народаў, устанаўліваецца адпаведны прыгранічны рэжым. Магчыма, у інтарэсах дзяржавы ўсё гэта робіцца правільна, але кроўныя і суседскія сувязі між асобнымі людзьмі рэжуцца, як кажуць, па-жывому.

ЗМЕНЕНЫ ТАРЫФЫ

Савет Міністраў нарэшце адрэагаваў на звароты раённага Савета народных дэпутатаў і 3 жніўня прыняў рашэнне № 520 «Аб зніжэнні тарыфу за карыстанне электраэнергіяй для насельніцтва Браслаўскага раёна». Згодна з ім аплата электраэнергіі, выкарыстоўваемай на бытавыя патрэбы насельніцтвам, што пражывае ў 30-кіламетровай зоне Ігналінскай атамнай электрастанцыі, з 1 жніўня 1993 года будзе ажыццяўляцца са скідкай у памеры 50 % ад устаноўленай платы.

НЕ АДГРУЗІМ МЯСА — ЗАСТАНЁМСЯ БЕЗ НАФТЫ

Уся вобласць, у тым ліку наш раён, стогне ад недахопу гаруча-змазачных матэрыялаў, таму ўборка ўраджаю пад пагрозай спынення. Па міжурадавым пагадненні нафта паступае на Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод ў абмен на мяса, і Расія пагражае спыніць пастаўкі, калі вобласць не адгрузіць яго ў адпаведнасці з графікам 200 000 т. У жніўні раёну трэба здаць дзяржаве 900 т мяса. Ужо адгружана каля 100 і ёсць упэўненасць, што графік будзе вытрыманы.

ПРАВЕРЫМСЯ НА РАДЫЕНУКЛІДЫ

Ранейшыя абследаванні насельніцтва ў нашым раёне давалі станоўчыя вынікі, але лішні раз праверыцца не зашкодзіць. Для скептыкаў (а такіх у нас нямала), што лічаць, быццам нашы медыкі хаваюць ісцінную карціну, паведамляем, што гэтым разам іх суправаджаюць вучоныя са Швейцарыі, якія таксама будуць абследаваць усіх жадаючых. Праверыць у высокакваліфікаваных спецыялістаў можна будзе не толькі свой арганізм, але і гародніну, малако, мяса і іншыя прадукты.

НА ЎСЕ РУКІ МАЙСТРЫ

З новага навучальнага года Відзаўскае прафтэхвучылішча мяняе профіль падрыхтоўкі навучэнцаў. Калектыў педагогаў улічыў змены ў грамадстве і новыя патрэбы раёна ў спецыялістах шырокага профілю. З верасня тут пачнуцца заняткі будучых майстроў сельскагаспадарчай вытворчасці і гаспадынь сядзіб. Атрымаўшы дыплом, маладыя людзі стануць майстрамі на ўсе рукі, што так цэняцца сёння на сяле.

БЕРАЖЫЦЕ ГАРАЖЫ

Цяпер крадуць усё. Злодзеі не абмінаюць ні хат, ні вытворчых памяшканняў. У пасёлку Абаб’е яны завіталі ў гараж мясцовага жыхара ды «разулі» аўтамабіль, а яшчэ прыхапілі і акумулятар. У калгасе імя Машэрава з машыннага двара таксама ўкралі два акумулятары, у саўгасе «Авангард» — каробкі перадач. Застаецца толькі яшчэ раз перасцерагчы: беражыце дабро!

НОВАЯ ХВАЛЯ БЕСПРАЦОЎЯ

Па пытаннях працаўладкавання ў раённы цэнтр занятасці з пачатку года звярнуліся 296 чалавек. З іх працаўладкаваны 154. На сённяшні дзень атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі 68 браслаўчан. Непакоіць тое, што пятую долю ад агульнай колькасці беспрацоўных складаюць маладыя людзі. Сярод іх выпускнікі школ і ПТВ, звольненыя ў запас воіны. Чакаецца, што колькасць беспрацоўных узрасце за кошт сёлетніх выпускнікоў школ, якія нікуды не паступілі.

ЛЕКІ З «ЗЯЛЁНАЙ» АПТЭКІ

Амаль пустыя з-за дэфіцыту лякарстваў аптэчныя паліцы правізары спрабуюць запоўніць лекавымі травамі і зборамі з іх. А гатуюць такія лекі тут жа, у аптэцы, са здадзенай насельніцтвам і нарыхтаванай супрацоўнікамі сыравіны. Аптэчныя работнікі сабралі 154 кг лекавых траў, іншыя здатчыкі — 106 кг. Прычым больш за іншых — 35 кг — здалі дзяўчынкі з СШ № 1, якія спецыяльна займаліся гэтай карыснай справай у час школьнай летняй практыкі. ■

Старонкі газеты гартала
Жанна БЯЛЬКО.