Школьнікі з Дрысвят зладзілі 9-дзённы паход на веласіпедах па Браслаўшчыне

Отдых
Чым заняць дзяцей улетку? Такім пытаннем задаюцца, напэўна, усе бацькі. А настаўнікі з Дрысвяцкай школы прыдумалі выдатны адказ на гэтае пытанне — зладзілі для дзяцей 9-дзённы паход на веласіпедах.

У суправаджэнні настаўніка фізкультуры Сяргея Пушкарова школьнікі адправіліся з Дрысвят, каб праехаць па вельмі цікавым маршруце. Удзельнікі паходу наведалі касцёлы ў Опсе, Слабодцы, Іказні, пабылі ў Купчэлях, прагуляліся па Слабодкаўскай озавай градзе. Удзень ехалі, наведвалі розныя мясціны, а на ноч спыняліся на адпачынак, спалі ў палатках. На стаянках да іх па чарзе далучаліся іншыя настаўнікі Дрысвяцкай школы. Педагогі гатавалі ежу, бавілі час з дзецьмі, а дырэктар школы Уладзімір Мінчанка дапамагаў з падвозам цяжкіх рэчаў.

У Браславе дзеці пакарылі новыя вяршыні ў вяровачным гарадку на турбазе. Там юных падарожнікаў падчас стаянкі наведалі супрацоўнікі РАНС. Дзеці прымерылі сапраўдныя касцюмы ратавальнікаў, пастралялі вадой з пажарнага рукава. Усе былі ў захапленні і яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі.

Яшчэ адным яркім момантам паходу стала сустрэча з супрацоўнікамі Карасінскага пагранічнага паста падчас стаянкі на возеры Рычы. Пагранічнікі пакаталі дзяцей на катары, а потым усе разам наведаліся ў незвычайнае месца, дзе сыходзяцца дзяржаўныя межы Беларусі, Літвы і Латвіі.

Дзевяць дзён праляцелі хутка, пакінуўшы пасля сябе мноства прыемных успамінаў. За гэты час дзеці правялі не адну сотню гадзін на свежым паветры, праехалі шмат дзясяткаў кіламетраў на веласіпедах, пакупаліся ў чатырох азёрах, убачылі безліч незвычайнага і новага. Хочацца падзякаваць настаўнікам Дрысвяцкай школы за цудоўную вандроўку, граматную арганізацыю, насычаную праграму, за зарад пазітыўнага настрою для дзяцей на цэлы год! ■

Ад імя бацькоў Алена СІНІЦА.