Парк Бяльмонт: любімая мясціна малой радзімы

Год малой родины Отдых
Свая старонка ў кожнага асацыіруецца з чымсьці родным і запамінальным. Не памылюся, калі скажу, што для ахрэмаўчан такая мясціна ў першую чаргу — парк Бяльмонт. Гэта наша спадчына, гісторыя, наша месца «сілы», у якім можна акунуцца ў свае думкі, пагутарыць сам з сабой, ведаючы, што тваё асабістае застанецца тут, у вялікім і прыгожым месцы. Так-так, будзьце ўпэўнены, парк захавае вашы сакрэты, як хавае і іншыя ўжо некалькі стагоддзяў запар.

Упершыню парк Бяльмонт упамінаецца ў 1748 годзе як уладанне роду Гільзенаў, пры іх ён і атрымаў сваю назву, што ў перакладзе азначае «прыгожая гара». У другой палове ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя ў Бяльмонтах быў створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў двухпавярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вялікую круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. Сцены шэрага пакояў будынка былі дэкарыраваны жывапісам. У 1876 годзе тры акварэльныя малюнкі палаца зрабіў Напалеон Орда.

Парк Бяльмонт (плошчай 65 га) лічыўся адным з найбуйнейшых рамантычных паркаў Літвы. Можна ўявіць, які прыгожы быў тут маёнтак. На жаль, цяпер гэта толькі ўспаміны. Пра былую веліч нагадваюць шматгадовыя дрэвы, якіх таксама засталося мала, але іх ахоўваюць і, будзем спадзявацца, зберагуць.

Некалькі гадоў таму назад, каб упрыгожыць парк і прыцягнуць да яго ўвагу, былі ўстаноўлены лаўкі, адрамантавана сцэна. Бяльмонт сапраўды крыху ажыў. Там з’явіліся мамы з дзецьмі, сталыя людзі, якія проста адпачывалі ў цяньку, а вечарам збіралася моладзь і спявала песні пад гітару. Прыемна было ўсведамляць, што месца не забыта.

Цяпер зноў заціх наш аграгарадок. Але так хочацца, каб у нас з’явілася нешта новае, што зноў прыцягне ўвагу. Можа, няхай гэта будзе прыгожая сажалка, па якой будуць плаваць качкі, ці кусты з ягадамі, каб можна было ўхапіць крыху, калі думкі імкнуцца ў палёт, або веласіпедныя дарожкі для заняткаў спортам. Нягледзячы ні на што, парк усё ж такі жыве, пра яго памятаюць і ведаюць. А калі зацікавіцца гісторыяй, то наогул разумееш: такіх мясцін, як на нашай малой радзіме, вельмі мала. ■

Надзея АЛЯКСЕЕВА,

студэнтка ВДУ імя П. М. Машэрава.