Чытаць — гэта модна! У Ахрэмаўцах адкрылі вулічную міні-бібліятэку

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Нават у час высокіх тэхналогій і інтэрнэту супрацоўнікі бібліятэк імкнуцца далучыць і дзяцей, і дарослых да багатага друкаванага слова. З гэтай мэтай яны праводзяць разнастайныя мерапрыемствы і ўкараняюць новыя формы работы з чытачамі.

Так, Ахрэмаўская бібліятэка актыўна прапагандуе ідэю «Чытаць — гэта модна!». А нядаўна для большай зручнасці аматараў літаратуры ў аграгарадку адкрылі вулічную міні-бібліятэку свабоднага чытання. Размясцілася яна ў дэкаратыўнай дубовай бочцы з паліцамі на тэрыторыі зоны адпачынку «Лукамор’е», дзе ўжо пасяліўся вучоны кот, створаны намаганнямі бібліятэкара Наталлі Камісаравай.

Трэба адзначыць, што гэты казачны ўтульны куточак і сапраўды схіляе да адпачынку з цікавым творам у руках. Любы жыхар аграгарадка ці яго госць можа ўзяць у бібліятэчцы кнігу, часопіс, пакінуць ужо прачытанае выданне ці абмяняць на іншае.

Як расказала бібліятэкар Алена Далецкая, спецыялісты мясцовага храма кніг спачатку распрацавалі праект «Свабодная бібліятэка» і дзякуючы дапамозе неабыякавага старшыні Ахрэмавецкага сельсавета Дзіяны Тарун ажыццявілі яго.

— У нашага сумеснага праекта, — каменціруе А. Далецкая, — было нямала скептыкаў. Многія выказвалі меркаванні, што бочку, пакінутую з кнігамі без аховы, пашкодзяць вандалы. Але мы спадзяёмся, што цікавая задума выклікае жывы інтарэс у наведвальнікаў «Лукамор’я», стане славутасцю і культурным брэндам нашага мястэчка. ■

Алена ПЯТУШКА.