Марыя — валадарка маладых сэрцаў

Главное
Пад такім дэвізам адбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёр, якія пачаліся ў пятніцу вечарам з імшы для пілігрымаў. Сёлета ў Браслаў прыйшлі тры пешыя пілігрымкі і адна на веласіпедах. Самы доўгі шлях атрымаўся ў вернікаў з Глыбокага — яны былі ў дарозе тры дні.

Напачатку падарожнікаў вітаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён сустрэў іх перад уваходам у касцёл і акрапіў святой вадой.

Імшу для пілігрымаў узначаліў дамапожны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Падчас літургіі быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі, які прынялі 58 чалавек з Віцебскай дыяцэзіі.

Прыгожым момантам урачыстасці стала працэсія святароў і вернікаў па вуліцах Браслава. Людзі ішлі з запаленымі свечкамі і маліліся Божай Маці.

У суботу галоўная імша браслаўскіх урачыстасцей адбылася на палявым алтары. Узначаліў яе біскуп Фрэжуса і Тулона (Францыя) Дамінік Рэ. Імшу канцэлебравалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-прэлат Францішак Кісель, канцлер Віцебскай дыяцэзіі Віктар Місевіч, а таксама шматлікія святары Віцебскай дыяцэзіі.

На імшы прысутнічаў Пасол Рэспублікі Польшча Артур Міхальскі, прадстаўнікі мясцовай і абласной улады: саветнік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Міхаіл Даніленка, старшыня райсавета Ніна Пучынская, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка.

У пачатку літургіі ўсіх прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч: «Няхай сённяшняя наша малітва з’яднае Божае благаслаўленне для ўсёй нашай краіны, для нашых сем’яў, людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім жыццёвым становішчы, няхай Божая Маці, якая прынесла ў гэты свет Збавіцеля, будзе сапраўды нашай Маці».

Падчас гаміліі біскуп Дамінік Рэ сказаў: «Здараецца, што Пан Езус стукаецца ў дзверы нашага сэрца. Ён прыходзіць, каб прынесці нам супакой, каб перамяніць нашае жыццё, як гэта адбываецца тады, калі вы прымаеце хлеб Эўхарыстычны ў свае сэрцы. Калі Пан Езус здольны змяніць хлеб у сваё цела, то Ён здольны і змяніць нас, тых, хто прымае Яго… Ён можа таксама перамяніць нашае жыццё ў жыццё нябеснае. І як Найсвяцейшая Панна Марыя прыняла Езуса ў сваё цела, Яна аддала сваё жыццё Яму… Сам Езус запрашае нас ахвяраваць нашае жыццё, як Ён ахвяраваў Сваё жыццё за ўвесь свет… Мы ўдзельнічаем у Целе Касцёла, галавой якога з’яўляецца сам Хрыстос…Іншы чалавек абмяжоўвае мяне, але і з’яўляецца для мяне шансам …».

Біскуп падзяліўся таксама гісторыямі з уласнага жыцця.

На заканчэнне літургіі біскуп Алег Буткевіч падзякаваў усім святарам і біскупам, мясцовым уладам, вернікам за ўдзел у святой імшы. Таксама словы падзякі былі скіраваны да ўсіх тых, хто дапамагаў падрыхтаваць гэтае мерапрыемства. Асаблівая падзяка была скіравана да Пана Бога за добрае надвор’е, якое суправаджала браслаўскія ўрачыстасці. Біскуп таксама запрасіў усіх на свята Маці Божай Валадаркі азёр у будучым годзе. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.