Вада п’яных не любіць. На возеры Доўгае патануў 62-гадовы мінчанін, які прыехаў адпачыць на Браслаўшчыну

Происшествия
У спякотныя летнія дні прыемна адпачыць на прыродзе, нырнуць у цёплую гладзь возера і ні пра што не думаць. Аднак супрацоўнікі выратавальнай службы папярэджваюць, што адпачынак каля вады заўсёды ўтойвае ў сабе небяспеку.

Як паведаміў старшыня раённай арганізацыі Асвод Віктар Мархель, трагедыя адбылася і ў першую суботу жніўня на возеры, куды прыехала адпачыць кампанія са сталіцы.

На бяду, так ужо павялося, што адпачынак на прыродзе амаль ніколі не абыходзіцца без спіртнога. Не адышлі ад гэтай небяспечнай традыцыі і мінчане.

Мужчына 1956 года нараджэння заплыў далёка ад берага. Аднак у п’янага зніжаецца пачуццё небяспекі, алкаголь тармазіць рух ног і рук, збівае тэмп дыхання, чалавек захлынаецца вадой і ідзе на дно. Так здарылася і з мінчанінам. Пакуль прыяцель дастаў яго з вады, было позна — тапельца выратаваць не ўдалося.

На жаль, многія купальшчыкі грэбуюць прапісной ісцінай: вада п’яных не любіць.

Таксама нярэдка, расказвае В. Мархель, можна назіраць, як маленькія дзеці адны бавяцца ў вадзе, а маці ў гэты час на беразе гуляюць у тэлефонах, пры гэтым не звяртаючы ўвагу на сваіх чадаў. А колькі трэба карапузу, каб захлынуцца!

Па даных Асвода, за гэты год у рэспубліцы патанулі 200 чалавек, сярод якіх 27 дзяцей.

Ратавальнікі ўпэўнены, што многіх смерцяў на вадзе можна пазбегнуць, калі выконваць правілы бяспекі. Таму напрыканцы яшчэ некалькі парад. Не купайцеся, не скачыце і не нырайце ў невядомым месцы. Не садзіцеся п’янымі на плаўсродкі і не лезце ў ваду ў стане алкагольнага ап’янення. Не заплывайце за буйкі, не купайцеся ў навальніцу. А самае галоўнае — сачыце за дзецьмі! ■

Алена ПЯТУШКА.