Чым жыве і пра што марыць моладзь Браслаўшчыны. Апытанне «Б/З»

Новости
У гісторыі ўсіх часоў і народаў моладзь іграла значную ролю. І не выпадкова, бо менавіта ёй уласцівы такія якасці, як наватарства, гонар і прынцыповасць. Маладосць — час імкненняў, пошукаў, адкрыццяў і рэалізацыі самых смелых ідэй. Што сёння цікавіць моладзь Браслаўшчыны і чым яна займаецца, высвятляла «Браслаўская звязда».
Аляксандра ЯФІМАВА, настаўніца замежнай мовы СШ № 2, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ:

— Сёння маладым быць даволі складана, бо імклівы рытм жыцця патрабуе хуткіх, але ўзважаных рашэнняў. У той жа час маладосць дае магчымасць рабіць некалькі спраў адначасова, прычым дасягаць поспеху ў многім. Тры гады працую настаўнікам у школе і ніколькі не расчаравалася ў сваёй прафесіі. Заўсёды прыкладаю намаганні, каб урокі былі цікавымі для вучняў і абавязкова плённымі. Як сакратар пярвічкі арганізую для школьнікаў шмат разнапланавых мерапрыемстваў. А галоўнае, сама актыўна ў іх удзельнічаю, і гэта лепшы прыклад для дзяцей. Нядаўна мы здзейснілі паход на байдарках, і ўражанні ад яго засталіся самыя незабыўныя. У планах заняцца іншымі відамі турызму. Значную ўвагу ў сваёй рабоце ўдзяляю валанцёрскаму руху, бо хто, як не мы, дапаможа ветэранам, пенсіянерам і людзям з інваліднасцю. Лічу, што не трэба ехаць далёка, каб жыць цікавым насычаным жыццём. Тым больш што наш горад з кожным годам становіцца прыгажэйшым і лепшым. А задача маладых — прымнажаць дасягненні роднага краю і праслаўляць яго сваімі справамі.

Сяргей САЙКОЎСКІ, студэнт БДАТУ, камандзір студатрада «Маладая гвардыя» імя героякамсамольца Віктара Акімава:

— Маладосць — цудоўная пара, калі можна рэалізаваць свае магчымасці. Галоўнае — не стаяць у баку ад жыцця. З задавальненнем вучуся ва ўніверсітэце, актыўна ўдзельнічаю ў грамадскім студэнцкім жыцці. На летніх канікулах ужо не першы год у складзе студатрада выпраўляюся ў працоўны дэсант. Лічу, што гэта добрая магчымасць зарабіць для сябе грошы, набыць дадатковыя навыкі, зразумець, што значыць уласны хлеб. Сёлета працую на зерняскладзе ў ААТ «Агравідзы». Зразумела, праца нялёгкая і адказная, бо нашы намаганні ўвойдуць у агульную раённую скарбонку ўраджаю. Але ў маладзёжным атрадзе справа ідзе весялей і спраўней. Тут знайшоў новых сяброў, атрымаў вопыт работы ў калектыве.

Кацярына МАГРЫН, майстар манікюру і педыкюру, і Надзея МАЦУК, цырульнік-візажыст студыі прыгажосці:

— Галоўнае, быць аптымістам, верыць у свае сілы — тады ўсё атрымаецца. Мы з цікавасцю авалодалі любімымі спецыяльнасцямі. Спачатку працавалі ў дзяржаўных установах, але даўно марылі пачаць сваю справу. Зусім нядаўна нам пашчасціла знайсці і арандаваць добрае памяшканне на выгадных умовах. Гэты шанс не ўпусцілі і рызыкнулі адкрыць сваю студыю прыгажосці. Зразумела, былі хваляванні і сумненні, але мы не адступіліся. Закупілі камфортную мэблю і абсталяванне. Цяпер кожны дзень з радасцю ідзём на работу, заўсёды ветліва сустракаем сваіх кліентаў і робім усё, каб яны выходзілі ад нас прыгожыя і ў добрым настроі. Так што жадаем маладым не губляцца і знайсці сваё месца ў жыцці.

Дзмітрый СТЭЛЬМАЧОНАК, студэнт Мінскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа:

— Зразумела, у маладых таксама ёсць свае праблемы і перажыванні. І даводзіцца ў сучасным імклівым жыцці хутка сталець, каб знайсці сваё прызванне. Але ўсё ж лічу, што гэта час пошуку і выпрабаванняў. Таму трэба спрабаваць свае сілы ў розных накірунках. Акрамя таго, што вучуся, працую ў салоне тату: хоць невялікі, але заробак. Яшчэ займаюся фатаграфіяй. Люблю здымаць пейзажы Браслаўшчыны, рабіць фотасеты для сваёй сям’і і сяброў. Гэта добрая практыка на шляху да прафесіянальных навыкаў. Маладосць — магчымасць знаёмства з рознымі людзьмі, асабліва падчас вандровак. А каб весці паўнавартасную размову з іншаземцамі, вывучаю польскую і англійскую мовы. З ахвотай на «Славянскім базары» быў членам маладзёжнага атрада аховы парадку. Люблю падарожнічаць па родных мясцінах. У планах далей прадоўжыць вучобу.Так што не трэба сядзець на месцы. Шукайце, развівайцеся і ўпарта ідзіце наперад.

Вольга ШАРКЕЛЬ, аператар ЭВМ цэха па вытворчасці сыра г. Браслаў УП «Глыбоцкі МКК»:

— Маладым быць цікава. Перад табой адкрыта столькі дарог і магчымасцей! І нават у невялікім горадзе. Вельмі рада, што жыву і працую на сваёй малой радзіме. Тут у мяне пастаянная і цікавая работа, куды хаджу з задавальненнем. Нягледзячы на шчыльны графік, знаходжу час для сваіх родных і блізкіх. Для іх гатую розныя стравы, рэцэпты якіх знаходжу ў інтэрнэце. З сябрамі абавязкова ходзім у паходы па нашых прыгожых мясцінах. Лічу, што, калі жывеш у такім цудоўным краі, проста немагчыма яго не любіць і не ганарыцца ім. Кожны можа знайсці сабе занятак па душы. Галоўнае — не ленавацца. Нядаўна яшчэ зацікавілася рыбнай лоўляй, да якой мяне падштурхнула маці. На радзіме сустрэла сваё каханне і цяпер рыхтуюся да вяселля. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.