Малады архітэктар праектнага бюро Яна Падсаднік падыходзіць да сваёй справы грунтоўна і крэатыўна

Люди
Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то будаўніцтва — з праекта. Гэты працэс уяўляе сабой асаблівую творчую дзейнасць, з дапамогай якой на свет з’яўляецца дасканалая мадэль будучага аб’екта. Зразумела, такая работа складаная і адказная. Тым не менш інжынер-праекціроўшчык КУП «Праектнавытворчае архітэктурна-планіровачнае бюро Браслаўскага раёна» Яна Падсаднік выдатна спраўляецца з пастаўленымі перад ёй задачамі.

Усяго толькі год працуе абаяльная дзяўчына ў нашым раёне, але ўжо нямала аб’ектаў па яе праектах з’явілася на Браслаўшчыне.

Маляваць Яна любіла з дзяцінства, таму ў сваім родным Полацку, акрамя агульнаадукацыйнай школы, скончыла і мастацкую. З выбарам будучай прафесіі яна доўга не вагалася: паступіла ў мясцовы ўніверсітэт на архітэктурнае аддзяленне.

— Вучыцца было складана, асабліва першыя два гады, — узгадвае суразмоўніца. — Праекты чарцілі ўручную ў графічным стылі на паперы памерам 1х1 м. І калі дапусціш памылку, даводзілася пачынаць нанава.

Аднак Яна ўпэўнена, што гэта была добрая школа на шляху да прафесіяналізму.

Па размеркаванні трапіла на Браслаўшчыну і ніколькі не пашкадавала, бо наш край ёй вельмі падабаецца. Калектыў сустрэў новага спецыяліста добразычліва, і дзяўчына з маладым запалам узялася за справу. Працуе Я. Падсаднік з заказамі прыватных асоб. Заказчыку дастаткова прынесці эскіз ці хаця б, як кажуць, на пальцах паказаць, што ён хоча бачыць у канчатковым выглядзе. Астатняе — справа архітэктара. Але, адзначае Яна, якія б ні былі задумы, галоўнае — захаваць будаўнічыя нормы. Перш чым прыступіць да распрацоўкі праекта, спецыяліст абавязкова праводзіць абследаванне ўчастка з выездам на месца.

Сёння па праектах Я. Падсаднік будуецца не адзін прыватны дом. Да таго ж лаўкі на «Брукаванцы», габіён каля адміністрацыйнага будынка «Браслаўрыбы», дызайн фае СШ № 2 — усё гэта таксама творчыя ідэі маладога інжынера-праекціроўшчыка. Да таго ж цяпер Яна працуе над дызайнам абноўленага помніка ахвярам генацыду, які будзе ўстаноўлены ў Друі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.