У Браслаўскім раёне ўзнагароджаны першы вадзіцель-тысячнік

Новости
Вадзіцель СВК «Маяк Браслаўскі» Антон Пяткевіч у пачатку гэтага тыдня першым у раёне перавёз ад камбайнаў 1 000 тон намалочанага збожжа.

«Камаз», на якім працуе Антон, сельгаспрадпрыемства набыло сёлета ў вайсковай часці, дзе аўтамабіль шмат гадоў знаходзіўся на ваенным захоўванні. Месяц завіхаўся мужчына каля «новай» машыны: пераправерыў усе вузлы і агрэгаты, не перабіраў, бадай, толькі рухавік, а вось бартавы кузаў замяніў на самазвальны.

На дагледжаным сваімі рукамі аўтамабілі з прычэпам вадзіцель уключыўся ў работу ўжо ў перыяд корманарыхтоўкі. Калі ж падышло жніво, галоўны аграном накіравала А. Пяткевіча адвозіць збожжа ад камбайнаў. Неўзабаве ён трывала заняў першы радок у раённай зводцы.

Павіншаваць пераможцу раённага спаборніцтва на жніве ў аўторак завітаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Вялічка. Ён пажадаў вадзіцелю далейшых поспехаў у нялёгкай сельскагаспадарчай працы, безаварыйнай і надзейнай работы вялікагрузнай машыны, уручыў яму дыплом райкама прафсаюза, грашовую прэмію, майку і кепку лідара.

Старшыня сельгаскааператыва Рамуальд Шукель таксама не толькі выказаў словы ўдзячнасці свайму шчыраму работніку, павіншаваў Антона з першай сёлетняй перамогай, але і ўзнагародзіў яго важкай прэміяй. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.