Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу?

Новости
Менш за месяц засталося да 1 верасня — дня, калі дзеці сядуць за школьныя парты і распачнуць новы навучальны год. Аднак ужо цяпер бацькоў клапоціць пытанне, дзе і як сабраць дзіця ў школу. Высвятляла гэта і «Браслаўская звязда».
УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З АЛОЎКА

Пошукі пачынаем з самага простага — выбару канцылярыі. І як высветлілася, самага пашыранага тавару ў нашым горадзе. Уладальнікі магазінаў загадзя напоўнілі паліцы ўсім неабходным: алоўкамі, пеналамі, сшыткамі, вокладкамі, лінейкамі, нажніцамі і інш. Па словах прадаўцоў, сярэдні чэк складае 30-40 рублёў у залежнасці ад выбранага вытворцы, якасці і колькасці канцылярыі. Напрыклад, за набор канцтавараў для першага класа давялося аддаць 45 рублёў.

ШКОЛЬНЫ РАНЕЦ — АСОБНАЯ ТЭМА.

Хочацца, каб ён быў з артапедычнай спінкай і выраблены з якаснай тканіны. Яго кошт пачынаецца ад 20 рублёў. Чым якасней зроблены рукзак, тым вышэйшая яго цана. Адрозніваюцца яны і па колеравай гаме для хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама па ўзросце. Для малодшых школьнікаў ранцы яркія, з анімацыйнымі персанажамі, а для старэйшых — больш стрыманыя.

ГАЛОЎНАЕ, КАБ КАСЦЮМЧЫК СЯДЗЕЎ

Далей у спісе — адзенне і абутак. Кожны год перад 1 верасня ад браслаўчан можна пачуць скаргі, што ў нас праблематычна сабраць школьніка. Што і казаць: на тое, каб апрануць і абуць дзіця, прыйдзецца патраціць не адзін дзень. Напрыклад, для таго, каб знайсці абутак для нашай першакласніцы, мы абышлі 4 магазіны з дзіцячымі таварамі, але з запланаванага ўдалося набыць красоўкі і лёгкія туфлікі. У выніку кашалёк спусцеў яшчэ на 62 рублі. Прадаўцы абяцаюць, што яшчэ падвязуць абутак, бо попыт на яго вялікі, а вось гандлёвых кропак, дзе можна яго набыць, мала. Увогуле, цэны на класічны абутак стартуюць ад 35 рублёў, а спартыўны — ад 15.

Падабраць адзенне, як высветлілася, крыху прасцей. Навучальныя ўстановы рэкамендуюць выбіраць для вучобы дзелавы стыль адзення. Што прапаноўваюць нашы магазіны? Кошт спадніц, блузак і вадалазак для дзяўчынак пачынаецца ад 20 рублёў, сукенкі, сарафаны і спартыўныя касцюмы — ад 30. Колеравая гама традыцыйная — чорная, сіняя, белая і шэрая. Так, за камплект з сарафана і класічнай блузкі беларускага вытворцы мы аддалі амаль 50 рублёў. Звярнулі ўвагу і на адзенне для хлопчыкаў. Кашулі каштуюць ад 25 рублёў, штаны — ад 30, камплект — ад 50.

ПАКУПКІ Ў ІНТЭРНЭТ-МАГАЗІНАХ

Многія бацькі не марнуюць свой час паходамі па магазінах, а заказваюць усё неабходнае праз інтэрнэт, тым больш што прапаноў хапае. Паглядзелі асартымент тавару на некалькіх сайтах і мы. Кошт прыкладна такі ж, як і ў стацыянарных магазінах, аднак выбар большы. У прыватнасці, нам спадабаліся дзве сукенкі агульным коштам 58 рублёў — іх прывезлі на дом праз некалькі дзён пасля заказу, за дастаўку заплацілі яшчэ 6 рублёў. Выніковая сума — 64 рублі. Такім чынам можна заказаць і абутак, нават некалькі мадэляў, каб было з чаго выбіраць. Плюс такога шопінгу — вялікі выбар, значныя скідкі, мінус — не заўсёды можна трапіць у памер.

ПАДЛІЧВАЕМ ВЫДАТКІ

Па даных Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі, кошт школьнай экіпіроўкі (уключаючы адзенне, абутак і канцтавары) для вучня пачатковых класаў складае ад Br145 да Br770, старэйшых — ад Br214 да 890. У нашым выпадку на зборы першакласніцы мы ўжо патрацілі 221 бел. руб., але набылі большую частку з запланаванага. Праўда, давялося пахадзіць не адзін дзень, а таксама скарыстацца паслугамі інтэрнэту. ■

Алена НАБЕЕВА.