«Хлебныя» маршруты вадзіцеля ААТ «Агравідзы» Валянціна Гасянца

Люди
Не першы год вадзіцель ААТ «Агравідзы» Валянцін Гасянец займае прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве па перавозцы збожжа ад камбайнаў. Яго поспехі нікога ў сельгаспрадпрыемстве не здзіўляюць, бо ведаюць Валянціна Іванавіча як добрасумленнага і адказнага работніка, у якога магутны МАЗ заўсёды ў добрым стане.

Прафесію шафёра Валянцін набыў у мясцовым СПТВ і пасля яго заканчэння ўладкаваўся ў свой калгас. Потым хлопец добрасумленна адслужыў у арміі і вярнуўся ў родныя мясціны. Зноў сеў за руль аўтамабіля і дагэтуль трымае яго ў сваіх надзейных і моцных руках.

— Нічога асаблівага не раблю, — гаворыць В. Гасянец. — Працую, стараюся. І поспехі прыходзяць самі сабой. Галоўнае — уважліва і беражліва адносіцца да тэхнікі, на якой працуеш.

Шмат розных грузаў давялося перавозіць вадзіцелю больш чым за два дзясяткі гадоў. Аднак самай важнай справай, як прызнаецца Валянцін Іванавіч, з’яўляецца для яго ўдзел ва ўборцы ўраджаю збожжавых культур. Не злічыць сёння, колькі зрабіў рэйсаў і колькі тон збожжа перавёз ён за гады працы.

Адвозка зерня ад камбайнаў на збожжаток — справа вельмі клапатлівая і нялёгкая. Яна патрабуе ад кожнага вадзіцеля вялікай адказнасці, вымагае шмат фізічных сіл. Бо працаваць жа прыходзіцца, што называецца, ад світання да змяркання, без выхадных.

— Валянцін Іванавіч — надзейны і адказны работнік, — характарызуе свайго падначаленага галоўны аграном ААТ «Агравідзы» Алена Талкачова. — Тэхніка ў яго заўсёды ў добрым стане. Спагадлівы і прыязны, ён ніколі не адмовіць замяніць таварыша, калі таго патрабуюць абставіны. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.