У Браслаўскім раёне аграрыям падчас уборачнай дапамагаюць работнікі электрасетак, ЖКГ і нават дзіцячага саду

Экономика и финансы
Сельгаспрадпрыемствы раёна ў гарачую пару нярэдка адчуваюць дэфіцыт кадраў. Не хапае трактарыстаў, камбайнераў, вадзіцеляў. Тады кіраўніцтва гаспадарак звяртаецца да дарожных, будаўнічых і іншых арганізацый, якія таксама маюць падобных спецыялістаў. І тыя на некаторы час «пазычаюць» сваіх работнікаў. Не адмаўляюцца дапамагчы ў летнюю гарачую пару пенсіянеры, якія раней працавалі ў прадпрыемстве: для іх гэта шанс зарабіць лішнюю капейку. Пагаджаюцца папрацаваць у сельскай гаспадарцы і тыя, хто не звязаў сваё жыццё з працай на зямлі, але мае вадзіцельскае пасведчанне патрэбнай катэгорыі.

І ведаеце, што цікава? Часта менавіта людзей «з боку» асабліва хваліць кіраўніцтва гаспадарак. Ці то змена становішча ўплывае на іх працаздольнасць, ці навічкам хочацца праявіць сябе з лепшага боку? Таму і імкнуцца быць у лідарах.

Доказам гэтых слоў з’яўляюцца прозвішчы, якія мільгаюць на старонках нашай газеты з пачатку палявых работ ды гучаць з вуснаў кіраўнікоў. Напрыклад, у «Агравідзах» бездакорна працуюць Мікалай Фадзееў і Аляксандр Зюрын з райэлектрасетак. Нязменны лідар жніва не толькі ў ААТ «Слабодка-агра», а і ў раёне — Валерый Пучынскі з КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік». У «Друйскім» штогод да працы вяртаецца былы работнік гаспадаркі, сённяшні пенсіянер Вацлаў Трашчынскі, які, маючы багаты вопыт, кіруе ўчасткам.

З адным з часовых працаўнікоў ААТ «Бярозавы край» Сяргеем Абалевічам нядаўна сустрэлася і я. Яго пастаяннае месца працы — мясцовы дзіцячы сад. У гарачую ж сельскагаспадарчую пару мужчына садзіцца за руль МТЗ-3022 і старанна выконвае даручаную яму работу.

Андрэй Мацук, старшыня гаспадаркі, расказаў, што Сяргей не першы год прыходзіць на дапамогу падчас корманарыхтоўкі. Зарэкамендаваў сябе як адказны і працавіты работнік. У гэтым сезоне С. Абалевіч працуе на трамбоўцы зялёнай масы. Кіраўнік задаволены памочнікам, а той у сваю чаргу рады такой падпрацоўцы. Кажа, што гэта добрая падтрымка для сямейнага бюджэту.

На фота: Сяргей Абалевіч старанна працуе ў ААТ «Бярозавы край».

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *