«Працуем ад расы да расы». Рэпартаж са жніўных палеткаў СВК «Маяк Браслаўскі»

Актуальное Экономика и финансы
Пасяўныя плошчы збожжавых і зернебабовых у СВК «Маяк Браслаўскі» самыя вялікія ў раёне — 3 928 га. Тым не менш аграрыі сельгаскааператыва на раніцу 6 жніўня паспелі скасіць 2 410 га, ці 61,4 %, намалацілі 6 485,8 т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 26,9 цэнтнера з гектара.

Практычна штодзень на палеткі гаспадаркі выходзяць усе 18 камбайнаў і намалочваюць звыш 500 т зерня. Пры гэтым сярэдняя нагрузка на адну сельгасмашыну перавышае 200 гектараў, вышэйшая толькі ў ААТ «Слабодкаагра». Таму поспехі ў тэмпах жніва, напэўна, найперш трэба звязваць не з энерганасычанасцю мехдвара сельгаспрадпрыемства, а з умелай арганізацыяй працы. І ніколькі не дзіўна, што ў раённым спаборніцтве як сярод камбайнераў, так і сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа лідзіруюць менавіта хлебаробы СВК «Маяк Браслаўскі».

Для агранома жніво — гарачая пара. Таму гаворка пра ход уборачнай праходзіла ў аўтамабілі пад час пераезду да участкаў нівы, дзе жалі збажыну камбайнеры.

Галоўны аграном гаспадаркі Валянціна Таўкінь кажа, што ўбіраць збожжавыя даводзіцца выбарачна: усходжасць была няроўнай — няроўнае і паспяванне. Галоўны аграном больш заклапочана не тэмпамі ўборкі, якая ідзе ў зладжаным рытме, а валавым намалотам. Хоць у глебу было ўнесена не менш угнаенняў, чым у папярэднім сезоне, але сёлетняя спёка ўнесла свае карэктывы: ураджайнасць далёка не тая, на якую разлічвалі. Тым не менш ніводны гектар у сельгаскааператыве не спісалі.

Мехдвор сельгаспрадпрыемства СВК «Маяк Браслаўскі» сёлета папоўніўся чатырма новымі камбайнамі.

З расы да расы працуюць камбайнеры. І хоць усе шчыруюць у аднолькавых умовах, але, безумоўна, ёсць і свае лідары. Сёлета першынство як унутры гаспадаркі, так і ў раённым спаборніцтве трымаюць то Антон, то Міхаіл Вайтанцы.

Цёзкі па прозвішчы з першага дня ўборачнай задзейнічаны на жніве:

Міхаіл — другі сезон на «Палессі».
Антон — на новенькім КЗС-1218.

Спачатку малацілі азімую пшаніцу, потым ячмень, а цяпер яравую пшаніцу. Першы радок сярод лідараў жніва займае і вадзіцель на адвозцы намалочанага збожжа Антон Пяткевіч.

Антон Пяткевіч першы ў раёне перавёз ад камбайнаў 1 000 тон збожжа.

Аграрыі СВК «Маяк Браслаўскі» на пачатак гэтага тыдня намалацілі 6,5 тыс. тон збожжа.

Калі пацікавіўся ў механізатараў сакрэтамі поспехаў на сёлетнім жніве, мужчыны, быццам згаварыўшыся, адказалі аднолькава сціпла:

— Працуем, як і ўсе, ад расы да расы. Тэхніка не падводзіць, бадай, і ўвесь сакрэт. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.