На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Браслаўскага раёна да навучальнага года затрачаны амаль мільён рублёў

Власть и общество
Лета падыходзіць да завяршэння, набліжаецца верасень і традыцыйны Дзень ведаў. Некалькі месяцаў педагагічныя калектывы і тэхработнікі рыхтавалі свае ўстановы адукацыі да новага навучальнага года. І, як заўсёды, камісія з прадстаўнікоў аддзела райвыканкама па адукацыі, іншых зацікаўленых службаў праверыла кожную школу і дзіцячы сад, каб ацаніць праведзеную работу і выдаць установам адукацыі пашпарты гатоўнасці.

Як расказала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ірына Мацук, сёлета на Браслаўшчыне будуць функцыянаваць 11 устаноў агульнасярэдняй і столькі ж — дашкольнай адукацыі, ЦДіМ, ЦКРНіР, Відзаўскі каледж і Відзаўскі дом сямейнага тыпу. На працягу летняга перыяду ва ўсіх праводзіліся работы па касметычным рамонце памяшканняў вучэбных класаў, калідораў, харчблокаў, спартыўных залаў. Кожная ўстанова сама вырашала, на што патраціць сродкі. І каб дзеці займаліся ў добрых умовах, на месцах прыкладзена шмат намаганняў і сіл.

Сярод самых буйных праведзеных работ — рамонт Друйскага ДССШ, СШ № 2 і ясляў-сада № 3. Друйскія школьнікі з гэтага года будуць вучыцца ў будынку, які раней належаў дзіцячаму дому. За невялікі час тут зроблены рамонт вучэбнага корпуса і майстэрняў. Вядзецца работа і на прышкольнай тэрыторыі. Значныя змены адбыліся і ў СШ № 2: заменены аконныя і дзвярныя блокі, зроблены частковы рамонт даху, сучасны інтэр’ер набылі фае і вучэбныя памяшканні, адрамантаваны ўнутраныя сеткі і каналізацыя.

Новы інтэр’ер фае СШ №2
Таксама вядзецца работа па добраўпарадкаванню прышкольнай тэрыторыі

Многа пераўтварэнняў у яслях-садзе № 3 г. Браслава, дзе з’явіліся новыя аконныя і дзвярныя блокі, зроблены касметычны рамонт двух групавых памяшканняў, каналізацыі, змяніліся дзіцячыя пляцоўкі. Акрамя гэтага, для дашкольнай установы набылі камплект параканвекцыйнай печы і электрапліту.

Матэрыяльная база гімназіі папоўнілася двума камп’ютарамі, а аўтапарк Відзаўскай СШ — новым аўтобусам для падвозу дзяцей.

Падрыхтаваліся ўстановы адукацыі і да ацяпляльнага сезона: правялі прамыўку і гідравыпрабаванне сістэм ацяплення.

Безумоўна, значная ўвага надаецца рамонтным і касметычным работам унутры будынкаў. Аднак не забываюць ва ўстановах адукацыі і пра добраўпарадкаванне тэрыторыі. Вось і перад гэтым вучэбным годам з’явіліся новыя і адрэстаўраваныя ранейшыя малыя архітэктурныя формы, прыведзены ў належны стан дэкаратыўныя сажалкі, дзесьці пралеглі дарожкі, праведзена рэканструкцыя зон адпачынку, нягледзячы на спякоту, кветнікі здзіўляюць буйствам колераў.

Як адзначыла І. Мацук, выгляд устаноў адукацыі і іх тэрыторый з кожным годам удасканальваецца і набывае свае непаўторныя рысы, у чым, безумоўна, заслуга педагогаў і тэхработнікаў, якія сваімі сіламі ажыццяўляюць крэатыўныя ідэі добраўпарадкавання. Таксама яна падкрэсліла ўменне адміністрацый устаноў ладзіць сумесную работу з бацькамі. Найлепш у гэтым накірунку працуе кіраўніцтва дзвюх гарадскіх і Опсаўскай школ, ясляў-сада № 2 г. Браслава. Менавіта ў гэтых установах больш актыўна дзейнічаюць папячыцельскія саветы, якія сабралі значныя грашовыя сродкі на рамонт.

Усяго на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да навучальнага года сёлета запланавана 1 697 424,00 рублёў бюджэтных сродкаў, з якіх ужо скарыстана 907 923,09. Нявыкарыстаныя сродкі раённага бюджэту ў суме 782 209,91 руб. будуць асвоены да канца 2018 года на капітальным і бягучым рамонтах ясляў-сада № 3 г. Браслава, СШ № 2, Слабодкаўскай, Друйскай і Кансталінскай школ, набыцці мэблі, камп’ютарных класаў, тэхналагічнага абсталявання.

Акрамя гэтага, на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да навучальнага года скарыстана 9 003,31 руб. пазабюджэтных сродкаў, а таксама сродкаў папячыцельскіх саветаў і спонсарскай дапамогі — 5 196,0 рублёў.

Словам, усе ўстановы адукацыі грунтоўна падрыхтаваліся да навучальнага года, засталося толькі дачакацца, калі ў іх калідорах зноў зазвіняць дзіцячыя галасы.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *