Маладзёжны студатрад дапамагае ва ўборцы ўраджаю на Браслаўшчыне

Власть и общество
Кожны год у летні перыяд калектывы сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна папаўняюцца маладымі і спрытнымі работнікамі. Вось і сёлета ў ААТ «Агравідзы» да работы прыступіў студатрад «Маладая гвардыя» імя героя-камсамольца Віктара Акімава.

У рабочай камандзе дзесяць чалавек. Усе яны мясцовыя. Працуе моладзь на зернесушыльным комплексе пазменна: прыбірае тэрыторыю, пералапачвае зерне і падкідвае яго пры пагрузцы. Сваю працу хлопцы і дзяўчаты ведаюць, бо ў многіх за плячамі падобны вопыт ужо ёсць. Зразумела, работа не з лёгкіх, але яны працуюць з задавальненнем, бо заробленыя грошы змогуць патраціць на свае патрэбы.

— Тры месяцы лета, — кажа член студатрада Ганна Брэслаўская, — хапае, каб адпачыць і зарабіць. А грошы лішнімі не бываюць. Наш фронт работы даволі складаны і адказны. Цяжка было ў спёку, але час ляціць хутка і весела. Мы размаўляем, жартуем, смяёмся.

Добрыя словы ў адрас маладзёжнага атрада выказала і галоўны аграном гаспадаркі Алена Талкачова. Яна адзначыла, што юнакі сапраўды самастойныя, адказныя і працалюбівыя. А лішнія рукі заўсёды патрэбны, асабліва ў гарачую пару.

Да байцоў студатрада наведвалася і галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Лапко, якая праводзіла інструктаж па тэхніцы бяспекі.

Часты госць у маладзёжным калектыве і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Кацярына Сайкоўская.

Яна курыруе яго работу, таму пільна сочыць, ці ўсё ў парадку, ці няма якіх пытанняў, таксама праводзіць розныя мерапрыемствы для сваіх падапечных.

У хуткім часе юнакі і дзяўчаты зноў вернуцца да сваёй вучобы, але студатрадаўскія вясёлыя дні запомняць надоўга. ■

Алена ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *