Як здабываюць торф на ААТ «ТБЗ Браслаўскі»

Деньги
Летні перыяд для большасці людзей — лепшы час для добрага адпачынку, а вось для торфаздабытчыкаў — сезон працы да сёмага поту. Таму і шчыруюць супрацоўнікі ААТ «ТБЗ Браслаўскі», выкарыстоўваючы кожны пагодны дзянёк.

Як паведаміла кіраўніцтва прадпрыемства, да пачатку дажджоў ужо здабыта 65 тыс. тон фрэзернага торфу, што склала 93 % ад даведзенага гадавога плана, і выраблена больш за 11 тыс. тон паліўнага брыкету. Мяркуюць за гэты сезон нарыхтаваць не 70, а 80 тыс. тон сыравіны для брыкетнага цэха.

Цяпер здабыча тарфакрошкі ідзе на апошніх пляцоўках радовішча «Бяльмонт», плошча якіх прыблізна 230 га. Калі першы раз трапляеш на ўчастак здабычы торфу, атрымліваеш незабыўныя ўражанні.

Чорнае вялікае поле падзелена асушальнымі каналамі на квадраты, па яго перыметры насыпаны высокія піраміды тарфакрошкі. Побач непраходнае балота, зарослае хмызняком. Невялікая чыгунка, па якой некалькі разоў на дзень ідзе цягнік.

Наогул, усё гэта нагадвае ілюстрацыю да нейкага фантастычнага фільма.

На ўчастку здабычы торфу, які ўзначальвае вопытны начальнік Валерый Чарняўскі, працуе каля 30 чалавек. Нямала задзейнічана і разнастайнай тэхнікі: 18 трактароў, 8 уборачных машын, 3 бульдозеры, экскаватар, 4 фрэзы і інш.

Здабыча торфу — цяжкі, працаёмкі працэс, які складаецца з пяці стадый. Каб выканаць даведзены план, рабочыя завода працуюць па 12 гадзін, а калі да гэтага дадаць спёку і пыл, які літаральна ўядаецца ў скуру і засцілае вочы, — умовы сапраўды экстрэмальныя. Тым не менш кожны работнік добра разумее важнасць ускладзенай на яго задачы, сувязь працэсу здабычы і вырабу брыкетаў, таму ў згуртаваным калектыве і работа спорыцца. Безумоўна, усе гэтыя складальнікі напрамую ўплываюць на заработную плату, якая ў сярэднім перабольшвае 1 300 рублёў.

Зацікаўленасць у высокіх паказчыках падаграваюць і спаборніцтвы, якія праводзяцца сярод рабочых. Па заканчэнні кожнага месяца падводзяцца іх вынікі, а лепшыя атрымліваюць грашовыя прэміі.

У гэтых важкіх агульных здабытках ёсць адчувальны ўклад машыністаў фрэзіравання Валерыя Матуля і штабелявання Віктара Гасюля, уборачнай машыны Юрыя Гайдамовіча і многіх іншых работнікаў.

З разуменнем і клопатам адміністрацыя завода адносіцца да паляпшэння і аблягчэння ўмоў працы сваіх супрацоўнікаў. На ўчастак здабычы і дадому ўсіх рабочых дастаўляюць на службовым транспарце. Кожны дзень за сімвалічную плату яны атрымліваюць гарачы абед і вячэру, для іх працуе ведамасная лазня.

Рэканструкцыя завода дазваляе рацыянальна выкарыстоўваць наяўныя запасы тарфяной сыравіны, павялічыць аб’ём вытворчых брыкетаў з 30 да 40 тыс. тон у год і павысіць эканамічную эфектыўнасць прадпрыемства.

Самая вялікая здабыча торфу была ў 1988 г. — 200 тыс. тон. Самая вялікая вытворчасць брыкетаў была ў 1999 г. — 37,765 тыс. тон. З 1966 па 2017 гг. здабыта 5,3 млн тон торфу і выраблена 1,623 млн. тон паліўных брыкетаў.

Цяпер ідзе дэмантаж састарэлага абсталявання, рэканструкцыя старога брыкетнага цэха, які пераабсталююць у бытавы корпус, дзе з’явяцца сучасныя душавыя кабінкі, пакой адпачынку і кабінеты. На кацельні заменяць старое абсталяванне на больш энергаэфектыўнае. Таксама будуецца каналізацыйна-помпавая станцыя і ліўневая каналізацыя. Працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі завода. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара

і Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.