Дэгустацыя страў і Няптун з русалкамі: святкаванне «Дня рыбака» ў Слабодцы

Отдых
У Слабодцы мясцовыя работнікі культуры разам з калегамі з Плюсаў і Іказні правялі арыгінальнае мерапрыемства, прысвечанае аднаму з традыцыйных заняткаў на Браслаўшчыне — рыбалцы.

На святкаванне «Дня рыбака» яны запрасілі жыхароў Слабодкі і наваколлля. Праграма дзейства была насычанай і распачалася зранку, калі на досвітку рыбаловы адправіліся на возера, каб налавіць рыбы да мерапрыемства. З добрым уловам яны прыйшлі на адкрыццё свята і адразу трапілі ў цэнтр увагі. Іх прадстаўлялі, ушаноўвалі, вызначалі ўладальніка самага вялікага, малога і разнастайнага ўлову. Таксама арганізатары не абмінулі ўвагай і навічкоў у рыбнай лоўлі: правялі абрад пасвячэння.

Спецыяльна да «Дня рыбака» работнікі культуры падрыхтавалі для вяскоўцаў цікавую тэатралізаваную праграму з удзелам міфічных персанажаў — Нептуна і русалак, праводзілі разнастайныя конкурсы, знаёмілі прысутных з рыбацкімі традыцыямі, арганізавалі выстаўку-дэгустацыю страў па аўтэнтычных рэцэптах.

Да свята падрыхтавалі стол з рыбнымі стравамі.

Мясцовыя самадзейныя артысты выступілі з цудоўнымі песеннымі нумарамі. Асабліва радавала арганізатараў, што на мерапрыемстве было шмат дзяцей, а гэта значыць, традыцыйны занятак будзе жыць, бо рыбакам ёсць каму перадаць свае веды і вопыт. Словам, атрымалася вясёлае свята для ўсіх! ■

Вольга БУКІС,

метадыст Браслаўскага РЦК.