Весткі з БРСМ

Новости
ЖУРАЎЛІК ДЛЯ НАШЧАДКАЎ

Саламянага жураўліка як сімвал міру і дабра для нашчадкаў перадалі ў рэспубліканскі музей-бус «Кветкі Вялікай Перамогі» актывісты раённага аб’яднання БРСМ. Урачыстая перадача адбылася падчас сустрэчы музея на калёсах у Відзах. Сюды ён завітаў, падарожнічаючы па Віцебшчыне.

«Кветкі Вялікай Перамогі» — сумесны патрыятычны праект БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У перасоўным музеі прадстаўлены тры экпазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, 100-годдзю камсамола і побыту беларускага народа. Незвычайны аўтобус сустракалі ў Відзах актывісты БРСМ, піянеры, навучэнцы каледжа, прадстаўнікі мясцовай улады і тутэйшыя жыхары. Для гасцей яны зладзілі прывітальную праграму з канцэртам, а пасля ўсе жадаючыя пазнаёміліся з экспанатамі.

ДА ДНЯ ВЫШЫВАНКІ

Напярэдадні Дня незалежнасці аб’яднанне БРСМ правяло рэспубліканскае мерапрыемства «Дзень вышыванкі». Яно аб’яднала моладзь з усёй краіны. Прымалі ўдзел у акцыях і конкурсах і нашы браслаўскія актывісты. Як расказалі ў райкаме БРСМ, у рамках акцыі «Падары вышыванку немаўляці» яны наведалі нованароджаных дзяцей у нашым радзільным доме і ўручылі іх мамам падарункі. Акрамя гэтага, моладзь далучылася да абласнога квэсту «Мая Беларусь». Яго ўдзельнікі адказвалі на пытанні па гісторыі свайго горада і шукалі адпаведныя схованкі. У Браславе для квэсту была задзейнічана Замкавая гара.

СУСТРЭЧЫ З ПАГРАНІЧНІКАМІ

Пярвічкі пагранічнікаў на Браслаўшчыне — пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, якія ладзіць райкам БРСМ. Нядаўна актывісты аб’яднання наведалі сваіх сяброў на пагранзаставах Опсы, Урбан і Відзаў, дзе правялі сумесную інфармацыйную сустрэчу з прадстаўнікамі Полацкага пагранатрада. Таксама на мерапрыемстве прысутнічалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і духавы аркестр пагранічнікаў, які даў канцэрт. Сустрэча пакінула шмат уражанняў у яе ўдзельнікаў, і яны дамовіліся пра далейшую сумесную дзейнасць. ■

Алена НАБЕЕВА.