Будынак набывае новае жыццё: у Браславе з’явіцца кафейня

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Яшчэ зусім нядаўна стары дом, што знаходзіцца па вуліцы Савецкай недалёка ад краязнаўчага музея, нікога не цікавіў. Цяпер кожны прахожы абавязкова звяртае на яго ўвагу. І сапраўды, змены тут адбываюцца кардынальныя.

Некалькі месяцаў таму назад гэты будынак набыў браслаўскі індывідуальны прадпрымальнік Пётр Руткоўскі і цяпер вядзе ў ім капітальны рамонт, каб адкрыць у падвальным памяшканні кафейню.

— Доўгі час займаюся продажам будаўнічых матэрыялаў, — кажа Пётр, — але добра разумею, што павінен быць і альтэрнатыўны бізнес. Таму пачаў займацца агратурызмам, для чаго раней набыў у горадзе два аб’екты. Зацікавіўся і гэтым домам, бо, па-першае, ён мне заўсёды падабаўся, па-другое, мае вельмі ўдалае месцазнаходжанне.

Так, будынак 1924 года пабудовы набывае новае жыццё. Па словах гаспадара, моцныя сцены дома, таўшчыня якіх складае 60 см, зусім не крануў час. Пры паляках у яго падвале была майстэрня па вырабе льнянога алею, а ў 90-я — невялікая крама.

Цяпер аб’ект набывае прывабны сучасны выгляд, але пры гэтым не губляе свайго першапачатковага архітэктурнага рашэння. Інтэр’ер будучай кафейні плануецца зрабіць у стылі аднаго вядомага твора рускай класікі, але якога, гаспадар пакуль не раскрывае — сакрэт. Адно ўжо добра бачна, што тут будзе прыгожа і ўтульна.

З цягам часу, адзначае П. Руткоўскі, з’явяцца столікі і на летняй тэрасе. Каб для гэтага выраўняць пляцоўку, давялося вывезці 200 т зямлі.

Тым часам у жылых пакоях дома змогуць размясціцца турысты. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара