Энерганагляд нагадвае пра электрабяспеку пры ўборцы ўраджаю

Безопасность
Уборка збожжавых — адна з найважнейшых і адказных работ у сельскай гаспадарцы. З першых дзён гарачай пары пачнуць працаваць аб’екты, насычаныя электраабсталяваннем. Лічу неабходным нагадаць асноўныя мерапрыемствы, выкананне якіх дазволіць пазбегнуць электратраўматызму і аварый у рабоце электраабсталявання.

Па-першае, ва ўсіх гаспадарках неабходна назначыць асоб, адказных за тэхнічны стан і бяспечную эксплуатацыю электраабсталявання аб’ектаў жніва і перапрацоўкі ўраджаю, укамплектаваць штаты электратэхнічным персаналам, які абавязаны несці кругласутачнае дзяжурства на гэтых аб’ектах, забяспечыць яго ахоўнымі сродкамі.

Па-другое, перад пачаткам работ трэба абавязкова правесці інструктаж персаналу па выкананні мер бяспекі і аказанні першай дапамогі пацярпелым ад электратоку.

Па-трэцяе, правесці тэхнічнае абслугоўванне электраабсталявання: зачысціць і падцягнуць кантакты фазных і зазямляючых правадоў; праверыць адпаведнасць апаратаў аховы і кіравання, магнітных кантактараў току нагрузкі; на дзверы размеркавальных шчытоў нанесці схемы электрычных злучэнняў з указаннем электрапрыёмнікаў, якія сілкуюцца ад дадзенай лініі; размясціць плакаты па электрабяспецы; на ключы, кнопкі і рукаяткі кіравання нанесці надпісы іх прызначэння («уключана», «выключана»); праверыць надзейнасць мацавання правадоў і кабеляў, замерыць супраціўленне іх ізаляцыі, замяніць пашкоджаныя ўчасткі; праверыць надзейнасць ланцугоў занулення і зазямлення.

Перад пачаткам работы на перасоўных электрыфікаваных машынах і механізмах неабходна праверыць спраўнасць сілкуючых іх кабеляў.

Нельга выкарыстоўваць няспраўнае абсталяванне, ухіляць няспраўнасці дазваляецца толькі кваліфікаваным спецыялістам электратэхнічнага персаналу.

У выніку нечаканага знікнення напружання неабходна абавязкова адключыць агульны рубільнік, бо напружанне гэтак жа нечакана можа і з’явіцца.

Падчас уборачнай кампаніі, нарыхтоўкі кармоў узнікае неабходнасць працаваць побач з паветранымі лініямі. У сувязі з гэтым нагадваю, што забаронены работы бліжэй за 2 м ад правадоў паветраных ліній электраперадачы, а таксама праезд машын і механізмаў, якія маюць агульную вышыню ад паверхні зямлі вышэй за 4,5 м, складзіраванне ў ахоўнай зоне ПЛ кармоў, саломы і г. д. Выкананне вышэйпералічаных мерапрыемстваў дазволіць правесці жніво ў гаспадарках раёна без аварый электраабсталявання і няшчасных выпадкаў. ■

Віктар ЦІКНЮС,

інспектар раённай энергаінспекцыі.