Куды браслаўчанам здаць ягады? Гід па цэнах і пунктах прыёму

Деньги Спрашивайте-отвечаем
Звычайна ў ліпені гаспадарлівыя і руплівыя жыхары раёна робяць запасы садавіны і гародніны на зіму. Да таго ж у мінулыя гады многія браслаўчане актыўна неслі салодкую вітамінную прадукцыю нарыхтоўшчыкам, атрымліваючы неблагую прыбаўку да сямейнага бюджэту. А вось сёлета гараджан і вяскоўцаў хвалюе пытанне: куды здаць лішкі сакавітых пладоў ды ягад, улічваючы, што мясцовая спажыўкааперацыя спыніла сваю дзейнасць? «Браслаўская звязда» даведалася, хто ў раёне цяпер займаецца нарыхтоўкамі сезоннай прадукцыі, і заадно пацікавілася закупачнымі цэнамі.

Аказваецца, дастаткова разгалінаваная нарыхтоўчая сетка на Браслаўшчыне засталася. Як запэўнілі ў Пастаўскім і Мёрскім райпа, ва ўсіх магазінах, арандаваных гэтымі арганізацыямі ў нашым раёне (а іх больш за 20), чакаюць здатчыкаў ягад. Ужо ўстаноўлены закупачныя цэны: напрыклад, кошт чарніц на цэлы рубель адрозніваецца ад мінулагодняга і складае 3 руб. 50 кап. за кілаграм. Калі ўспомніць, што звычайна ён прыраўноўваўся да кошту кілаграму цукру, то на сённяшні дзень здаецца прымальным.

Там жа можна здаць і садовыя ягады. Праўда, каштуюць яны намнога танней: за кілаграм чорных ці чырвоных парэчак прапануюць 20–25 кап. Магазіны Пастаўскага райпа (Відзаўская, Опсаўская, Далёкаўская і Мяжанская акругі) прымаюць яшчэ і вішні — па 1 руб. 50 кап.

Наведаўшыся ў магазін «Ветразь» (Мёрскае райпа), які працуе на ўездзе ў Браслаў, на свае вочы пераканалася, што нарыхтоўчы сезон ужо пачаўся: на бачным месцы, ля ўвахода, на стэндзе размешчана інфармацыя з указаннем закупачных цэн, а ветлівыя прадаўцы гатовыя да прыёму ягад.

Займаецца нарыхтоўкай чарніц і нацыянальны парк. Па словах яго галоўнага ляснічага Уладзіслава Цецяронка, сёлета ягады ад насельніцтва прымаюць усе лясніцтвы. За кілаграм чарніц там прапануюць 3 руб. 70 кап.

Словам, нягледзячы на закрыццё магазінаў сустрэчнага продажу, такіх зручных для браслаўчан, здаць ягады ім ёсць куды. ■

Жанна БЯЛЬКО