Адпачынак для «асаблівых» дзяцей арганізавалі ў Браславе

Отдых
Цікава і насычана праходзілі дні ў наведвальнікаў летняга лагера пры цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

На працягу ўсёй змены для іх ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы. І кожны наступны дзень быў напоўнены і насычаны новымі ўражаннямі і сустрэчамі.

У асноўным дзеці бавілі свой час на свежым паветры. Так, на стадыёне разам з педагогамі яны з радасцю ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах і ўстанаўлівалі свае маленькія рэкорды. Асаблівае ўражанне ў іх выклікала катанне на самакаце і гіраскутары. Гэты сучасны від транспарту прадаставілі валанцёры з гімназіі, якія, дарэчы, кожны дзень прыходзілі да сваіх падапечных. І, як адзначылі гімназісткі Ліза Цыўнель і Даша Ластоўская, яны з задавальненнем наведваюць ЦКРНіР, бо лічаць, што такія зносіны прыносяць карысць не толькі «асаблівым» дзецям, а таксама ім самім.

Пакінулі пасля сябе шмат пазітыўных эмоцый экскурсіі ў вяровачны гарадок і па экалагічнай сцежцы гімназіі, на сацыяльныя аб’екты горада. Не абышлося і без працоўнага дэсанта, падчас якога школьнікі штодзённа даглядалі кветкі.

Завяршыўся летні лагер вясёлым пікніком на турыстычнай базе «Браслаўскія азёры», дзе, дзякуючы падтрымцы адміністрацыі гэтай арганізацыі, педагогі і дзеці разам з бацькамі таксама правялі цудоўны дзень. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.