Славянскі фэн-шуй, або Традыцыі нашых продкаў

Калейдоскоп
Апошнім часам стала вельмі папулярна ўладкоўваць дом па законах фэн-шую. Нават з’явіліся магазіны, дзе прадаюцца розныя сувеніры, выкарыстанне якіх адбіваецца на тых ці іншых баках жыцця. У кнігарнях можна знайсці шмат літаратуры па гэтай тэме, па тэлебачанні ідуць праграмы, дзе спецыялісты вучаць не толькі як расставіць мэблю ў кватэры, а нават як спаць, есці, зарабляць грошы, кахаць па правілах гэтай старадаўняй навукі. Словам, мудрасць Кітая грунтоўна замацавалася ў нашым розуме.

Але трэба адзначыць, што чалавеку, які жыве на пэўнай тэрыторыі, больш падыходзяць мясцовыя звычаі і традыцыі. У кожнага народа свая крыніца энергіі, якая сфарміравалася шматвяковымі традыцыямі, вераваннямі і культурай. А гэта значыць, што кітайскія традыцыі могуць «не закрануць» нас і ніякага ўздзеяння мы не адчуем. Таму, каб стварыць у доме добрую аўру, лепш звярнуцца да традыцый нашых продкаў, тым больш што яны не менш мудрыя і абгрунтаваныя.

Так, напрыклад, яшчэ са старажытных часоў парог лічыцца месцам пражывання радавых духаў. Адсюль, напэўна, і пайшла традыцыя не размаўляць з госцем на парозе, нічога не даваць праз яго, каб дарэмна не турбаваць хатніх таямнічых істот. Над уваходнымі дзвярамі вешаюць ці малююць падкову або крыжык — сімвал аховы дома ад кепскай энергіі і прыцягнення ў яго шчасця.

Лічыцца, што жыццё ўсяго дома круціцца вакол кухні, а таму яна павінна быць заўсёды чыстай і хлебасольнай. Дамавік, дух-вартаўнік, па павер’ях, таксама жыве тут. У гэтым утульным і самым любімым ва ўсіх дамачадцаў месцы пажадана размясціць абярэгі: драўляныя лыжкі, дэкаратыўныя ключы, «косы» з часнаку, цыбулі і перцу.

Пакой, дзе вечарамі збіраецца ўся сям’я і куды вы запрашаеце гасцей, павінен быць самым светлым і прасторным. Чым больш паветра і святла ў гасцінай, тым радаснейшым будзе жыццё ў доме.

Вялікае значэнне нашы продкі надавалі навакольнаму расліннаму свету: кветкі, дрэвы, травы былі і лекамі, і карміцелямі-паіцелямі, і ахоўнікамі. Каб захаваць дом ад сурокаў і злых духаў, каля ўвахода высаджвалі ядловец, папараць і календулу. У кватэры вельмі карысна вырошчваць альяс, разнастайныя кветкі, далікатныя фіялкі.

Кожная рэч у хаце павінна служыць для нейкай канкрэтнай справы. А непатрэбныя, бяссэнсавыя прадметы ў доме ствараюць хаос і беспарадак, таму ад іх трэба сістэматычна пазбаўляцца. І лепш за ўсё гэта рабіць перад Калядамі і напярэдадні Вялікадня. Вядома, гэта далёка не ўсе традыцыі, якімі карысталіся нашы продкі. Ёсць яшчэ шмат розных славянскіх правілаў, з дапамогай якіх можна зрабіць сваё жыццё бяспечным і напоўніць яго сэнсам з дапамогай вобразаў і духоўных ідэй.

А каго зацікавіла гэтая тэма, раю звярнуцца да кніг кандыдата філалагічных навук Янкі Крука, які прысвяціў сваю навуковую дзейнасць вывучэнню традыцыйнай духоўнай спадчыны беларусаў.

Але, на мой погляд, колькі б вы ні перастаўлялі мэблю, садзілі расліны, развешвалі абярэгі, усё ж такі галоўнай сілай перамен у жыцці з’яўляюцца вашы думкі, словы і ўчынкі. Калі ўнутры сябе вы будзеце набліжацца да гармоніі, то і «хатні сусвет» стане поўнай чашай, дабавіць у жыццё ўдачу і дабрыню. ■

Алена ПЯТУШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *