Пра што пісала «Браслаўская звязда» 30 гадоў таму назад (ліпень 1988-га)

Калейдоскоп
АД СЛОЎ — ДА СПРАВЫ

Калектыў СПТВ-169 горача адабрае і падтрымлівае палітыку партыі, накіраваную на перабудову і расшырэнне дэмакратызацыі грамадства. У гонар XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі калектыў падсобнай гаспадаркі яшчэ ў маі выканаў гадавы план па продажы мяса дзяржаве. А навучэнец Леанід Машара, які перамог у абласным і рэспубліканскім конкурсах юных аратых, рыхтуецца да спаборніцтваў у маштабе Саюза.

АНАТОМІЯ ДЭФІЦЫТУ

Сотні тон мыйных сродкаў паступаюць у гандлёвую сетку звыш плана. Аднак мыльны бум працягваецца, змяняючыся запалкавым і нават саляным. Перабоі ў гандлі ўзнікаюць у асноўным таму, што, паддаючыся недарэчным чуткам, пакупнікі бяруць больш за звычайную норму спажывання, кіруючыся прынцыпам «Усе хапаюць — і я вазьму». Так ствараецца штучны дэфіцыт тавараў.

ЗА КАРМАМІ… НА ВОЗЕРА

Прырода быццам насміхаецца з хлебаробаў: з вясны больш як месяц кроплі дажджу не выпала і касіць, па сутнасці, няма чаго — травастой бедны. Таму працаўнікі калгаса «Шлях Леніна» паклапаціліся пра дадатковыя магчымасці нарыхтоўкі кармоў: набылі ў Даўгаўпілсе спісанае рачное судна, якое мясцовыя ўмельцы ператварылі ў азёрную касілку. Гадзіна працы «трысняговага камбайна» — і ў труме дзесьці 2,5-3 тоны выдатнага таннага здробненага корму.

ДЗЕЦЯМ — АСНОЎНАЯ ЎВАГА

На пасяджэнні камітэта народнага кантролю разгледзелі пытанне арганізацыі харчавання, медыцынскага абслугоўвання і захавання санітарна-гігіенічнага рэжыму ў дзіцячых дашкольных установах раёна. Высветлілася шмат недахопаў. Амаль паўсюдна не вытрымліваюцца нормы харчавання: дзеці значна недаатрымліваюць мяса, рыбы, гародніны, фруктаў, белага хлеба, а ў большасці дзіцячых садоў гатуюць стравы з прадуктаў, якія не рэкамендуюцца для дзяцей.

У ЧАС ЛЕТНІХ КАНІКУЛАЎ

Сёлета ўпершыню ў час летніх канікулаў, згодна з пастановай Савета Міністраў СССР, арганізуюцца абаронча-спартыўныя аздараўленчыя лагеры. Па рашэнні райвыканкама на базе Друйскага СПТВ172 юнакі-дзевяцікласнікі з усіх сярэдніх школ раёна два тыдні будуць жыць сапраўдным армейскім жыццём. Такія зборы дапамогуць ім лепш падрыхтаваць сябе і маральна, і фізічна да службы ў арміі.

БЕЗДАНЬ ПАД ВЫГЛЯДАМ ЛУЖЫНЫ

Цяжка адвыкаць іншым ад безгаспадарчасці, марнатраўства, іншых «атрыбутаў» застойнага перыяду. Напрыклад, будаўнікі МПМК-42 зрабілі, здаецца, добрую справу: узвялі на вуліцы Кастрычніка два пяціпавярховыя будынкі сямейнага інтэрната. Але разбурылі цяжкагрузнымі машынамі каналізацыйны калодзеж на праезнай дарозе. І гэтая двухметровая яма ў час дажджу запаўняецца вадой. Вось дык «лужына»!

БЛУКАННЕ ПА ПАКУТАХ

Выганяючы Адама і Еву з раю, Бог, кажа Біблія, асудзіў іх, бо іншага яны не заслугоўвалі. Але за што павінны пакутаваць мы, іх нашчадкі? Думаецца, што Бог тут ужо ні пры чым. Свае пасткі расстаўляюць бюракраты, да якіх мы трапляем у палон, калі збіраемся аформіць паперы ў пункце пракату ў КБА, выпісаць дровы ў лясніцтве, чакаем на прыпынку аўтобус, які можа прыйсці, а можа і не прыйсці, пакутуем і ў магазінных чэргах, і ў паліклініцы.

НАВОШТА ЗНІШЧАЦЬ ДРЭВЫ?

У выніку азелянення аўтадарогі ўздоўж возера Дрывяты не ўсе дрэвы і кусты прыжыліся на пераўвільготненай глебе, але частка іх пайшла ў рост, і дарога набыла прывабны выгляд. Цяпер ідзе інтэнсіўная забудова новай вуліцы імя Гагарына, і разам з тым пачалося знішчэнне зялёных насаджэнняў. Дарожнікаў, якія ўбіраюць хмызнякі ля самага возера, яшчэ можна зразумець. Але навошта зразаюцца дрэвы і знішчаецца ахоўная паласа на другім баку дарогі? ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *