З надзеяй на дапамогу дзяржкантролю

Власть и общество
У мінулы аўторак у Відзаўскім каледжы першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Уладзімір Гадзяцкі правёў выязны прыём грамадзян. А перад гэтым гадзіну працаваў тэлефон прамой лініі.

Звярнуцца са сваімі набалелымі пытаннямі да прадстаўніка ведамства пажадалі некалькі чалавек. Так, браслаўчанін расказаў па тэлефоне пра будаўніцтва на суседнім участку па вул. Чайкоўскага. Ён паскардзіўся, што велікагрузныя машыны разбілі агульную дарогу і пашкодзілі водапрапускную трубу. У выніку пасля дажджоў вуліцу і агароды залівае. Таксама выказаў сумненні наконт правамоцтва будоўлі.

Пасля прыёму У. Гадзяцкі наведаўся на гэтую вуліцу, каб самому разабрацца ў справе. Да яго адразу далучыліся фігуранты канфлікту. У іх узаемных прэтэнзіях больш адчувалася асабістая непрыязнасць, чым канкрэтныя скаргі. Тым не менш намеснік старшыні КДК вобласці даў заданне прадстаўнікам райвыканкама разгледзець выкананне ўсіх тэхнічных нормаў пры падсыпцы дарогі.

Наступны тэлефонны званок паступіў ад жыхара Урбан. Мужчына закрануў праблему складанасці нарыхтоўкі і дарагавізны закупкі дроў. Уладзімір Уладзіміравіч запэўніў, што гэтае пытанне вядома і яно разглядаецца на абласным узроўні. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе праблема будзе вырашана.

На асабісты прыём прыйшла відзаўчанка, якая зацікаўлена разважала пра неабходнасць сучаснай спартыўнай залы ў мясцовай школе. Зразумела, што адсутнасць фінансавых рэсурсаў не дазваляе распачаць будоўлю. Таму прадстаўнік кантралюючага ведамства вобласці прапанаваў альтэрнатыву: адміністрацыі школы дамовіцца арандаваць спартзалу для сваіх вучняў у каледжы. Тым больш што дырэктар ДПТК Міхаіл Смірноў запэўніў у станоўчым вырашэнні гэтай праблемы.

З разважаннямі пра развіццё аграэкатурызму завітаў на прыём гаспадар адной з раённых аграсядзіб. Ён выказаў свой погляд і шмат канструктыўных прапаноў на гэтую тэму. На думку У. Гадзяцкага, некаторыя з іх карысныя і маюць права на ажыццяўленне.

Падводзячы вынікі выязнога прыёму, намеснік старшыні КДК вобласці яшчэ раз даў падрабязныя ўказанні прадстаўнікам мясцовай улады па зваротах грамадзян. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

На фота: Сваімі меркаваннямі з намеснікам старшыні КДК Уладзімірам Гадзяцкім дзеліцца Андрэй Абрамаў.