Завітайце ў музей

В свободное время

Мой тэкСтыль

Пад такой назвай у музеі традыцыйнай культуры працуе выстаўка таленавітага майстра, кіраўніка клуба «Ля возера» Наталлі Парахневіч. Гэтую жанчыну добра ведаюць у раёне і за яго межамі. Яна тчэ на кроснах, пляце паясы, вяжа кручком, займаецца пісанкамі і г. д. Разам з супрацоўнікамі МТК аднаўляе ручнікі і традыцыйныя строі Браслаўшчыны. Н. Парахневіч неаднаразова выстаўляла свае творы ў Паставах, Віцебску, Краславе і Наўене (Латвія), удзельнічала ў розных творчых праектах і інш.

На выстаўцы прадстаўлены разнапланавыя вырабы аўтарства браслаўчанкі. Кожны экспанат арыгінальны і непаўторны, са сваёй гісторыяй і колеравай гамай. Яны розныя па памерах і часам уражваюць аб’ёмам. Гэта і насценныя пано, і абярэгі, і сурвэткі. Часам той ці іншы выраб прымушае задумацца над яго сэнсам, што робіць знаёмства з выстаўкай Наталлі Парахневіч яшчэ больш цікавым і захапляльным.

Браслаўская палітра мастакоў

Краявіды Браслаўшчыны, безумоўна, натхняюць мастакоў на стварэнне карцін. А кожны творца бачыць свет па-свойму. У гэтым можна пераканацца падчас агляду экспазіцыі «Браслаўская палітра», якая адкрыта для наведвальнікаў у малой зале МТК.

У асноўным на выстаўцы прадстаўлены работы Мікалая Стаса, Яна Рыдзікі, Чэслава Жусяля і Генадзя Рынкевіча. І калі з творчасцю першых трох мастакоў браслаўчане ўжо знаёмы, то Г. Рынкевіч толькі нядаўна пачаў выстаўляцца. З-пад пэндзля творцаў выходзяць карціны ў розных колеравых гамах і настроях. На іх можна ўбачыць браслаўскія краявіды розных перыядаў года.

Словам, наведаўшы «Браслаўскую палітру», вы не толькі атрымаеце эстэтычную асалоду, але і павандруеце па раёне. Увогуле ж, гэта ўнікальная магчымасць убачыць творчасць мастакоў адначасова ў МТК. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *