Відзаўскі каледж чакае сваіх будучых навучэнцаў

Власть и общество
У выпускнікоў школ цяпер самы адказны момант у жыцці, калі трэба вызначыцца з будучай прафесіяй. Адны паспяхова здалі ЦТ і ўпэўнена падалі дакументы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, але нямала і тых, хто жадае атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць у каледжах.

Раскрытыя дзверы для абітурыентаў і ва ўстановы прафесійнага навучання. Відзаўскі каледж таксама чакае сваіх будучых навучэнцаў. На днях зазірнула туды і пацікавілася, як ідзе ўступная кампанія і што можа прапанаваць навучальная ўстанова сваім абітурыентам.

Як паведаміла намеснік дырэктара каледжа Людміла Капуста, прыём заяў працягнецца да 20 жніўня. Таму ў тых, хто вырашае «ісці ці не», яшчэ ёсць час падумаць. Аднак ці варта ехаць у далёкія і чужыя гарады, калі на месцы можна атрымаць перспектыўную спецыяльнасць, да таго ж цікава правесці час вучобы?

— Наш каледж, — адзначае Людміла Мікалаеўна, — рыхтуе кадры для аграпрамысловага комплексу, лясной гаспадаркі, будаўнічай галіны, сацыяльнай сферы і грамадскага харчавання нашага і суседніх раёнаў вобласці. Мы прапануем спецыяльнасць тэхніка-механіка на ўзроўні ССНУ або адну з 11 рабочых кваліфікацый. Гэта трактарыст-машыніст розных катэгорый, вадзіцель, ляснік, слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання і іншыя. У апошні час сярод дзяўчат запатрабавана спецыяльнасць повара-афіцыянта.

Акрамя гэтага, можна выбраць яшчэ адну з кваліфікацый і атрымаць яе дадаткова да сваёй асноўнай, што, безумоўна, дазваляе максімальна адаптавацца да сучаснага рынку працы. І, каб падрыхтаваць такіх спецыялістаў, у каледжы ёсць неабходная матэрыяльна-тэхнічная база: машынна-трактарны парк з поўным камплектам сучаснай тэхнікі, вучэбная гаспадарка, 11 вучэбных майстэрняў і лабараторый, 2 пункты тэхнічнага абслугоўвання, 23 кабінеты, 2 камп’ютарныя класы, бібліятэка, спартыўная, трэнажорная і актавая залы, інтэрнат, сучасная сталовая, утульнае кафэ, дзе можна смачна і нядорага паесці. Усім навучэнцам прадастаўляецца інтэрнат, на выхадныя дні арганізавана дастаўка вучняў у Браслаў. Дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў атрымліваюць бясплатнае харчаванне.

— Многія нашы хлопцы першага ўзроўню адукацыі, — кажа Людміла Капуста, — застаюцца ў каледжы, каб працягнуць вучобу на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі і атрымаць кваліфікацыю тэхніка-механіка. Таксама заключаны дагаворы на працяг адукацыі навучэнцаў з Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжам, Полацкім лясным, Віцебскім тэхналагічным і аграрным, Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжамі, Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэтам.

Дзякуючы намаганням крэатыўнага педагагічнага калектыву і таленавітых навучэнцаў у гэтых сценах трывала прапісалася творчасць, пра што сведчаць шматлікія граматы, дыпломы, сертыфікаты.

Цікава і насычана праходзіць пазавучэбны час навучэнцаў каледжа. Галоўнае, не стаяць у баку ад грамадскага жыцця ўстановы, а занятак па душы можа знайсці сабе кожны. Тут працуе 7 гурткоў розных накірункаў, 4 спартыўныя секцыі, 2 клубы па інтарэсах, гісторыка-краязнаўчы музей, творчае аб’яднанне «Чысты свет». Штогод навучэнцы прымаюць удзел у фестывалях, форумах, аглядах, конкурсах, канферэнцыях, алімпіядах і іншых мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Выпускнікі каледжа заўсёды запатрабаваныя на рынку працы, што, безумоўна, немалаважна пры нестабільнай сітуацыі на ім. Доля выпускнікоў, працаўладкаваных у адпаведнасці з дагаворамі, заяўкамі заказчыкаў кадраў, складае 98 % ад агульнай колькасці працаўладкаваных. Выпуск 2018 года — гэта 86 навучэнцаў, з іх 31 паступіў на больш высокі ўзровень адукацыі, астатнія накіраваны на працу і працаўладкаваны па спецыяльнасці. Адным словам, вучыцца ў Відзаўскім ГПТК — гэта прэстыжна, цікава і камфортна. ■

Алена ПЯТУШКА