Браслаўскія школьнікі зладзілі водны сплаў на байдарках працягласцю 200 кіламетраў

В свободное время
З добрым настроем адправіліся ў водны сплаў па рэках Дрысвятка, Дзісенка і Дзвіна вучні Ахрэмаўскай школы пад кіраўніцтвам Вячаслава Крапа.

— Гэты перасоўны лагер, арганізатарам якога выступіў Браслаўскі ЦДіМ, было вырашана назваць «Маршрут 3D», бо сплаўляцца мы запланавалі па Дрысвятцы, Дзісенцы і Дзвіне. Увогуле атрымаўся паход 1 катэгорыі складанасці, — расказвае В. Кроп. — Свой шлях мы пачалі ў Дрысвятах, а скончылі ў Лявонпалі Мёрскага раёна.

Усяго ў вандроўку адправіліся 14 чалавек на 7 байдарках. У дзень яны праходзілі каля 30 кіламетраў. Прыпыняліся на начлег на турстаянках і на ўскрайку населеных пунктаў, а ў Германавічах, Дзісне і Лявонпалі нават знайшлі мясцовых экскурсаводаў і адправіліся з імі аглядаць славутасці.

— Падчас паходу было шмат цікавых адкрыццяў і знаёмстваў, — кажа Вячаслаў Кроп. — Мы пабывалі на тэрыторыі трох раёнаў — Браслаўскага, Шаркаўшчынскага і Мёрскага, пераадолелі больш за 200 кіламетраў, зрабілі шмат фотаздымкаў, якія складуць аснову цікавага фотаальбома. Нават падчас сплаву сустрэліся са сваімі землякамі — з групай школьнікаў з Браслава пад кіраўніцтвам Аляксея Салака.

Цяпер будзем адпачываць і марыць пра далейшыя вандроўкі.

Такім вось водным незабыўным паходам завяршылі свой навучальны год ахрэмаўскія школьнікі, і, несумненна, ён пакінуў у іх шмат уражанняў, якія і надалей будуць натхняць дзяцей займацца турызмам. ■

Алена НАБЕЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *