60 школьнікаў з Браслаўскага раёна адпачылі ў абаронча-спартыўным лагеры ў Друі

Власть и общество
У абаронча-спартыўным аздараўленчым лагеры «Абаронца Айчыны» ў Друі з 6 па 15 чэрвеня знаходзіліся 60 хлопцаў-дзесяцікласнікаў з усяго раёна. Пад кіраўніцтвам 9 педагогаў дапрызыўнай падрыхтоўкі і наглядам 4 курсантаў факультэта ваеннай разведкі Ваеннай акадэміі яны змаглі адчуць усю складанасць і сур’ёзнасць армейскага жыцця. «Браслаўская звязда» пабывала ў гасцях у патэнцыяльных салдат у адзін з першых лагерных дзён.

Сёлета юнакам пашчасціла: жыць ім давялося ў вельмі камфортных умовах у будынку былога Друйскага дома-інтэрната. Пакоі на 2-3 чалавекі са зручнымі ложкамі, шафамі, санвузламі, гарачае харчаванне побач — у прасторнай і ўтульнай сталовай. Падчас экскурсіі па лагеры з яго начальнікам Інэсай Лабэцкай не раз давялося пачуць ад падлеткаў, што ім тут вельмі падабаецца.

— У гэтым годзе хлопцы апынуліся ў сапраўднай армейскай атмасферы. Калі раней курсанты з Ваеннай акадэміі прыязджалі толькі на пару дзён, то цяпер на ўсю змену, і, вядома ж, знаходжанне з імі настройвае на адпаведны сур’ёзны лад, — кажа І. Лабэцкая. — Разам з тым, нягледзячы на спланаванае па раскладзе жыццё і вялікую колькасць гадзін заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы, мы паспрабавалі разнастаіць знаходжанне юнакоў у лагеры рознымі цікавымі выхаваўчымі мерапрыемствамі.

Сапраўды, калі паглядзець на план «Абаронца Айчыны», то становіцца зразумела: усё па-даросламу. Пад’ём, гігіенічныя працэдуры, заняткі (ваенная тапаграфія, радыяцыйная, хімічная абарона, агнявая і медыцынская падрыхтоўка і г. д.) распісаныя літаральна па хвілінах. Аднак паміж імі выдзелены час для спартыўных і выхаваўчых мерапрыемстваў.

— Дапамогу ў арганізацыі вольнага часу нам аказваюць прадстаўнікі мясцовай пагранзаставы, пажарнага паста, бібліятэкары. Яны прыходзяць на сустрэчы, праводзяць гутаркі, ладзяць мерапрыемствы. Таксама мы ўключылі ў план экскурсіі па Друі і знаёмства з яе славутасцямі, — расказвае Інэса Лабэцкая. — Хутка паедзем ў Ваенную акадэмію ў Мінск і ў Хатынь.

Па традыцыі ў лагеры адбылася прысяга. Кожны з хлопцаў, хвалюючыся, прамаўляў словы клятвы вернасці Радзіме і сяброўству. Адбывалася гэта на фоне сцягаў краіны, вобласці і раёна. Урачысты момант, які, несумненна, запомніцца надоўга!

За дні, праведзеныя ў Друі, хлопцы не толькі прайшлі дапрызыўную падрыхтоўку, але і пасябравалі, і пасталелі. Наперадзе — летнія канікулы і апошні навучальны год. Магчыма, нехта захоча звязаць сваё жыццё з арміяй ці ў будучым будзе стаяць на абароне яе межаў. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *