Вясёлым купальскім вечарам. Рэпартаж са свята на Замкавай гары ў Браславе

Главное Отдых
Народнае свята «Купалле» на Браслаўшчыне адзначаецца здаўна і з размахам. Сёлета на ім было не так шматлюдна, магчыма, некаторых стрымліваў платны ўваход, але затое на мерапрыемства прыйшлі толькі тыя, хто на самай справе хацеў святкаваць. Забягаючы наперад, скажу, што не сустрэла тым вечарам людзей, якія пашкадавалі, што аддалі два рублі за свята душы.

Раней традыцыйным месцам правядзення Купалля была Леснічоўка, пару разоў ладзілася яно і на Замкавай гары. Вось і ў гэты раз арганізатары свята вырашылі зрабіць месцам сустрэчы купальскай ночы старое гарадзішча. У гэтым годзе цэнтрам свята стала танцавальная пляцоўка, вакол якой разгарнулі свае гандлёвыя рады мясцовыя ўмельцы, у альтанках праводзілі майстар-классы, на вогнішчы пяклі бліны з рознай начынкай, непадалёку весяліліся дзеці, падскокваючы на батутах. Першае ўражанне было неадназначным: прастора для святкавання здавалася невялікай, але асцярогі былі марныя — яе хапіла ўсім прысутным. Напэўна, гэтая скампанаванасць і дапамагла ўдзельнікам свята акунуцца ў цёплую, душэўную атмасферу.

Шчыра кажучы, было адчуванне, што тут сабраліся старыя сябры. Усе ўсміхаліся адзін аднаму, з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях і конкурсах, танцавалі і падпявалі. Малыя ўвогуле увесь час праводзілі на сцэне побач з вядучымі і былі, так сказаць, на падтанцоўцы, ад гэтага іх радасці не было межаў. Бацькі ж з ахвотай назіралі за сваімі таленавітымі дзеткамі, фатаграфавалі іх. Напэўна, такая нефармальная атмасфера ўздзейнічала і на артыстаў, якія настолькі шчыра спявалі і цалкам аддаваліся палёту музыкі, што змаглі хутка наладзіць цесны кантакт са слухачамі.

Супрацоўнікі РЦК падрыхтавалі праграмму Купалля не падобнай на тыя, што мы прывыклі бачыць. Яна была максімальна набліжанай да сучаснасці — з моднымі сэлфі ў спецыяльна абсталяванай арт-зоне і мабільным галасаваннем за лепшую «купальскую пару». Гэта, безумоўна, было разлічана на маладую аўдыторыю, але, як аказалася, і людзі больш сталага ўзросту з цікавасцю даставалі свае смартфоны, каб сфатаграфавацца ці сачыць за ходам галасавання.

Яшчэ адзін плюс у капілку арганізатараў: пляцоўка для пляцення купальскіх вянкоў. Мноства загадзя падрыхтаваных палявых кветак, траў і галінак дрэў — каб усе жадаючыя змаглі сплясці для сябе або сваёй другой палавінкі купальскі вянок. Гэтае месца аказалася самым папулярным тым вечарам. Дзеці і дарослыя, не звяртаючы ўвагі на ўзрост і пол, з задавальненнем плялі, кожны — свой непаўторны вянок.

Каларыту святу дадавалі і імправізаваныя лаўкі, зробленыя з будаўнічых палет, усцеленыя духмянай свежаскошанай травой.

Як падабае ў купальскую ноч, не абышлося без вялікага вогнішча і вясёлых карагодаў.

 

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.