Браслаўскія вернікі пакланіліся іконе святога лекара Панцеляймона

Новости

У няпростых жыццёвых сітуацыях людзі адчуваюць патрэбу ў дапамозе: некаму дастаткова матэрыяльнай падтрымкі, а камусьці неабходна духоўная. Асабліва гэта датычыцца хворых і нямоглых людзей. Таму па благаславенні архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія на тэрыторыі епархіі арганізавана наведванне медыцынскіх і сацыяльных устаноў з напісанай на гары Афон іконай вялікамучаніка Панцеляймона з часцінкай яго мошчаў. Святога ўсе праваслаўныя хрысціяне шануюць як нябеснага лекара хвароб цела і душы. На мінулым тыдні ікону сустракалі і ў Браславе.

Першымі гэтай святыні змаглі пакланіцца пацыенты цэнтральнай раённай бальніцы, яе медыцынскі персанал і мясцовыя прыхаджане. Пасля малебну браслаўскі благачынны протаіерэй Міхаіл Каляда звярнуўся да прысутных з пастырскім словам, расказаў пра жыццё святога Панцеляймона, пра яго дапамогу людзям пры жыцці і ў нашы дні.

Затым ікону сустракалі ў доме-інтэрнаце для інвалідаў і састарэлых, дзе яго насельнікі розных веравызнанняў з глыбокай пашанай звярталіся да нябеснага лекара са сваімі просьбамі. Протаіерэй Міхаіл і іерэй Яўгеній Бугаёў пранеслі святыню і па палатах прыкаваных да ложкаў хворых, каб тыя таксама змаглі далучыцца да такой значнай духоўнай падзеі. ■

Тэкст і фота Жанны БЯЛЬКО.