Апошні званок у сельскай школе — як сямейнае свята

Новости
Напрыканцы мая па ўсёй краіне адбыліся ўрачыстыя лінейкі і для тысяч дзяцей прагучаў вясёлы школьны званочак. Адных ён паклікаў на канікулы, а вось для выпускнікоў стаў апошнім і абвясціў, што настала пара развітвацца з установамі адукацыі, настаўнікамі, шчаслівым часам дзяцінства, каб зрабіць упэўнены крок у дарослае жыццё. У Кансталінскі ДСБШ на свята апошняга званка сабраліся не толькі вучні і настаўнікі гэтай установы, а і ганаровыя госці. На ўрачыстую лінейку завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, старшыня Опсаўскага сельсавета Ала Даніліна, інжынер па ахове працы СВК «Маяк Браслаўскі» Вольга Разунова.

Пад гукі музыкі і апладысменты прысутных на пляцоўку каля школы выйшлі чатыры дзевяцікласнікі. З прамовай да школьнікаў, выпускнікоў, іх бацькоў, педагогаў звярнулася дырэктар Ірына Зуева. Падвёўшы вынікі навучальнага года, яна ўзнагародзіла самых лепшых і актыўных удзельнікаў спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Нягледзячы на невялікую колькасць вучняў — 50, Кансталінскі ДСБШ лічыцца адным з лепшых у раёне сярод аналагічных устаноў. Ён размешчаны ў некалькіх будынках, вакол якіх чысціня, парадак і прыгажосць. Класы, кветнікі, пляцоўкі, газоны — усё мае прывабны і дагледжаны выгляд. Відаць, што прыкладзена шмат  намаганняў і старанняў настаўнікаў, вучняў і тэхперсаналу. Ёсць усё неабходнае для паспяховай вучобы, маюцца і пэўныя дасягненні.

Звяртаючыся да выпускнікоў, госці павіншавалі іх з радасным і адначасова сумным днём, пажадалі шчаслівай, роўнай дарогі ў светлую будучыню, выбару годнай мэты і яе дасягнення.

Пажаданні і парады прагучалі таксама ад першакласнікаў і бацькоў. Шчырыя словы падзякі ў адрас настаўнікаў, супрацоўнікаў школы і родных людзей выказалі выпускнікі.

Словам, урачыстая лінейка ў гэтай невялікай школе больш нагадвала сямейнае свята, бо адчувалася нейкая асаблівая цеплыня і добразычлівасць паміж педагогамі і іх навучэнцамі.

Песні пра школу, слёзы на вачах выпускнікоў і іх бацькоў, паветраныя шары і апошні школьны вальс запомняцца выпускнікам назаўсёды, а значыць, будзе жыць і памяць пра родную школу.

Шчаслівай дарогі вам, выпускнікі 2018 года! ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.