Юныя браслаўскія даследчыкі прадставілі свае работы на навуковай канферэнцыі

Новости

У Браславе прайшла XVІІ навукова-практычная канферэнцыя даследчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі нашага раёна. Традыцыйна яна сабрала школьнікаў, здольных да навуковага даследавання, зацікаўленых у павышэнні свайго інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню, якія пад кіраўніцтвам настаўнікаў імкнуцца да паглыблення ведаў у розных галінах навукі.

Сёлета ў канферэнцыі прымаў удзел 81 школьнік 3 — 11 класаў, было прадстаўлена 45 даследчых работ. Вучні прадэманстравалі розум, талент і велізарнае старанне не толькі падчас падрыхтоўкі, а і абароны сваіх работ. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі сталі навучэнцы гарадскіх устаноў адукацыі, а таксама Ахрэмаўскай, Відзаўскай, Опсаўскай і Слабодкаўскай школ.

Падчас абароны работ.

Кожнае выступленне ацэньвала строгае журы, у склад якога ўвайшлі метадысты аддзела адукацыі, настаўнікі і прадстаўнікі арганізацый раёна. Пасля абароны праектаў журы вызначыла пераможцаў.

Першае месца ў секцыі беларускай мовы і літаратуры занялі работы «Ану, давай, брат, запрабуем. Хоць на цікавасць пакаштуем…» Анастасіі Карэнік, Дар’і Даронда з СШ № 1 (кіраўнік — Святлана Сцяпанава) і «Тапонімы роднага краю» Юліі Бялюн з той жа школы (кіраўнік — Марына Жалубоўская).

Сярод праектаў, прадстаўленых у секцыі рускай мовы і літаратуры, найбольш цікавай была работа «Интертекстуальность поэзии А. Аврутина. Достоинство или недостаток?» Сяргея Смерцьева і Клары Бондаравай з Друйскага ДССШ (кіраўнік — Валянціна Кірчанка).

У секцыі замежных моў былі прадстаўлены работы на нямецкай і англійскай мовах. Лепшай з іх стала «Хітрасці і цяжкасці Google перавода» Аляксандра Ціхана, Ангеліны Шакель, Вя- часлава Сырыцы і Алены Волкавай з гімназіі (кіраўнік — Мая Дароніна).

У секцыі фізіка-матэматычнага накірунку перамогу атрымалі праекты «Квэст-гульня “Падарожжа ў нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”» Аляксандры Стрыновіч з Опсаўскага ДССШ (кіраўнік — Валянціна Мачульская), «Вучымся гуляючы. Распрацоўка вучэбных праграм» Антона Лібіка з гімназіі (кіраўнік — Ганна Гаспаровіч) і «Луна. По следам Аристарха и Кеплера» Антона Атрашкевіча з Ахрэмаўскага ДССШ (кіраўнік — Жанна Раманоўская).

За свой праект «Мікрапластык: нябачная праблема» ў секцыі «Хімія. Біялогія. Экалогія» вышэйшую адзнаку журы атрымалі вучні з гімназіі Кацярына Самуль, Вікторыя Аляюн, Алеся Адахоўская і Лада Філімоненка пад кіраўніцтвам Тэрэзы Максімовіч.

Лепшымі краязнаўцамі і гісторыкамі сталі Алена Шыкшнян, Багдан Радзэвіч і Дана Чарвінская з Дрысвяцкага ДССШ (кіраўнік — Аліцыя Прахарэнка) з работай «Развіццё сельскіх тэрыторый у памежжы: учора, сёння, заўтра» і гімназіст Мікіта Халімаў (кіраўнік — Таццяна Лапінская) з праектам «Алігархі Беларусі першай хвалі станаўлення капіталізму».

У секцыі «Чалавек і свет. Руская мова. Матэматыка» першае месца заняў даследчы праект «Смецце ці чалавек: кто каго?» чацвёртакласнікаў СШ № 1 Марыі і Максіма Кезікаў (кіраўнік — Наталля Іванчык).

Цяпер лепшыя работы будуць прадстаўлены на абласную навукова-практычную канферэнцыю. Пажадаем аўтарам поспехаў. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.