«Белтэлекам» рэкамендуе адключаць у час навальніцы мадэмы і ТВ-прыстаўкі

Безопасность
Нацыянальны аператар электрасувязі «Белтэлекам» рэкамендуе сваім абанентам адключаць у час навальніцы мадэмы і тэлевізійныя прыстаўкі. Інакш пасля непагоды існуе верагоднасць застацца з непрацуючым абсталяваннем.

Па словах намесніка начальніка Браслаўскага вузла электрасувязі Глыбоцкага занальнага ВЭС Івана Барткевіча, такая пагроза сапраўды існуе, асабліва ў прыватным сектары, таму што валаконна-аптычныя лініі, якія пракладзены практычна ва ўсе шматкватэрныя дамы Браслава, больш надзейныя. Тым не менш разрады маланкі непрадказальныя і нельга прадбачыць, куды яны накіруюцца. Таму памылкова меркаваць, што гэта з’ява абміне ваш дом. Здараліся выпадкі і ў нашым раёне, калі ўдары маланкі выклікалі скачкі напружання ў электрычных сетках, у выніку чаго «гарэлі» тэлевізары, камп’ютары, выходзілі са строю блокі сілкавання мадэмаў і ТВ-прыставак, абсталяванне газавых катлоў.

Не толькі мадэмы і тэлевізійныя прыстаўкі, але і ўсе іншыя бытавыя электрапрыборы — не вельмі танныя рэчы, таму, каб захаваць іх спраўнымі пры ўзнікненні такіх прыродных з’яў, як навальніца, мэтазгодна выключаць аканечнае абсталяванне з сеткі электрасілкавання, вядома ж, калі ў гэты час вы знаходзіцеся дома. ■

Казімір ПЯТУШКА.