28 творчых калектываў сабрала сёлета «Браслаўская харавая асамблея»

Новости

У мінулыя выхадныя над прасторам нашага краю зноў гучалі чароўныя гукі яскравага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы». Па праве вось ужо сёмы раз упрыгожвае яго абласны аглядконкурс вакальна-харавых калектываў «Браслаўская харавая асамблея», які прайшоў на сцэне РЦК.

Калі першы конкурс прыняў усяго каля дзесяці харавых калектываў, то сёлета быў сапраўдны рэкорд — 28 удзельнікаў, сярод якіх сваё песеннае майстэрства дэманстравалі і дзіцячыя хары. Лепшыя галасы з Віцебска, Полацка, Новалукомля, Магілёва, Полацка, Наваполацка, Брэста, Оршы, а таксама Глыбоцкага, Докшыцкага, Ушацкага, Пастаўскага, Лепельскага, Сенненскага, Верхнядзвінскага, Шумілінскага раёнаў некалькі гадзін дарылі гледачам душэўнае цяпло народных песень і акапэльнага спеву.

Сярод удзельнікаў былі і тыя калектывы, што не першы год прыязджаюць на харавую асамблею і мараць заваяваць галоўны прыз, і дэбютанты, якія выдатна сябе паказалі. Гонар нашага раёна абаранялі народныя ансамблі беларускай песні «Сябрына», «На панадворку» і «Відзаўчанка».

Увогуле ж кожны калектыў па-свойму, непаўторна і прыгожа, выканаў розныя па жанры і характары музычныя творы. Гледачы гучнымі апладысментамі сустракалі ўсіх удзельнікаў асамблеі, з захапленнем слухалі іх выступленні і падпявалі знаёмыя песні.

Безумоўна, журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя хармайстры, кампазітары і дырыжоры вобласці, было даволі складана вызначыць пераможцу. Нарэшце адгучаў апошні акорд і журы зрабіла свой выбар, пра які ўсе даведаліся падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця «Браслаўскіх зарніц» у Леснічоўцы.

Так, Гран-пры абласнога агляду-конкурсу вакальна-харавых калектываў «Браслаўская харавая асамблея» атрымаў хор народнай песні «Рэчанька» Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа. Сярод дзіцячых калектываў першае месца падзялілі паміж сабой узорныя харавыя калектывы з Ушач і Брэста.

Сваімі ўражаннямі ад харавой асамблеі падзяліліся пераможцы — удзельнікі калектыву «Рэчанька» з Наваполацка:

— Мы не першы год прыязджаем на гэтае цікавае мерапрыемства. І з радасцю адзначаем, што з году ў год расце ўзровень арганізацыі конкурсу, колькасць калектываў і іх майстэрства. Дадому вяртаемся з прыемнымі ўражаннямі. У наступным годзе пастараемся зноў завітаць на Браслаўшчыну і парадаваць слухачоў новымі музычнымі кампазіцыямі.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.