Як у Дрысвятах русалку выбіралі

В свободное время
На працягу навучальнага года ў Дрысвяцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе працавалі над праектам «Спадчына»: вывучалі і папулярызавалі святы народнага календара, якія адзначаліся на тэрыторыі нашай малой радзімы, — Багач, Каляды, Масленіцу, гуканне вясны. А напрыканцы навучальнага года настаўнікі разам з вучнямі адзначылі Русалле.

Па народных паданнях, Русалле, або Русальны тыдзень, — час знаходжання русалак на зямлі. Для нашых продкаў свята па значнасці стаяла ў адным шэрагу з Калядамі, Масленіцай, Велікодным тыднем і сімвалізавала росквіт жыццёвых сіл прыроды, а русалка лічылася захавальніцай урадлівасці, апякункай пладаноснай зямлі і воднай стыхіі. Адным з самых цікавых абрадаў Русальнага тыдня былі «Провады русалкі», якія і арганізавалі ў школе.

У пачатку абрада ўсе дзяўчаты плялі вянкі сабе і адзін агульны вялікі — сімвал свята. Потым выбралі русалку, упрыгожылі яе зелянінай і бярозавымі галінкамі і з песнямі правялі праз усю вёску да жытнёвага поля, а самі накіраваліся на бераг возера, каб ладзіць гульні, спяваць песні і паліць вогнішча. Лічылася, што пасля гэтых дзеянняў русалкі не змогуць шкодзіць людзям і можна смела купацца ў рэчках і азёрах.

Падчас гуляння ўдзельнікі свята правялі цікавы абрад «Кумаванне», калі галінкі дзвюх бярозак сплятаюцца паміж сабой, каб утварылася брама-вароты. Пара, якая пройдзе праз яе, ніколі не будзе сварыцца. Дзеці ж развучылі мясцовыя гульні, навучыліся танцаваць польку. Напрыканцы мерапрыемства ўсе свае вянкі дзяўчаты павесілі на бярозкі, а вялікі разарвалі і падзялілі паміж сабой. Лічылася, што зеляніна з гэтага вянка будзе спрыяць ураджаю.

Словам, русалку мы прагналі, зямля і прырода ўвайшлі ў сілу, таму чакаем Купалля, каб разам вадзіць карагоды вакол вогнішча.

Такія святы вельмі падабаюцца вучням. Яны з цікавасцю і захапленнем далучаюцца да этнаграфічнай спадчыны малой радзімы і актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх фальклорных абрадах, якія арганізуюцца ў школе. ■

Алена РАДЗЭВІЧ,

педагог-арганізатар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *