Цікавыя валуны Браслаўшчыны

Калейдоскоп
Адметная асаблівасць Браслаўшчыны — разнастайныя і шматлікія валуны. Яны, як і маляўнічыя азёры, грады і пагоркі, засталіся на месцы ледніка, які па геалагічных мерках зусім нядаўна — 15 тысяч гадоў таму — пакрываў наш край. Вялікія валуны — унікальныя прыродныя аб’екты, іх у Браслаўскім раёне каля 20. Некаторыя маюць назвы, паходжанне якіх высвятляла вучаніца 10 класа СШ № 1 Юлія Бялюн пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Марыны Жалубоўскай. Сваю работу дзяўчына прадставіла на вясенняй навукова-практычнай канферэнцыі.

Недалёка ад возера Струста ляжыць даволі вялікі Каровін камень (даўжыня — 3,35 метра, шырыня — 2,8 м, вышыня — 2,2 м). Паводле народнай этымалогіі, аднойчы гэта глыба спаўзла і прыціснула карову, што піла ваду ў возеры.

Яшчэ адзін мікратапонім — Марцін камень, у яго значныя памеры: даўжыня — 4,05 метра, шы- рыня — 3,25 м, вышыня — 0,75 м. Людзі думаюць, што калісьці зямля, на якой ён ляжыць, належала гаспадару з такім імем. Але валуны з падобнай назвай сустракаюцца ў Латвіі і Літве, дзе ёсць амаль язычніцкае свята ў гонар Марціна, спраўляецца яно восенню пасля збору ўраджаю. Верагодна, назва Марцін камень — культавая. Вучоныя пацвярджаюць, што на Браслаўшчыне ў паганскія часы камяні абагаўлялі, насілі ім ахвяры. Калі ж распаўсюдзілася хрысціянства, то такія валуны сталі называць Чортавымі. Так, вядомы Чортаў камень каля вёскі Багданава, Чортаў след — недалёка ад Булавішак, на возеры Рычы ёсць мыс з камянёў , які называюць Чортавай дарогай. Сустракаюцца на Браслаўшчыне і тапанімічныя паданні пра паходжанне камянёў. Для браслаўскіх старажытных апавяданняў характэрным з’яўляецца наяўнасць рыс цудадзейнага, фантастычнага характару. У іх часта дамінуе рэлігійны бок, царква выступае як ахоўніца чалавека. Адно з такіх паданняў расказвае пра Чортаў камень ля вёскі Стары двор. А назвалі яго так за тое, што калі ля каменя на ноч пакідалі парваны абутак, то раніцай ён быў адрамантаваны. Але ў Божы храм у ім хадзіць было нельга: там ён распаўзаўся прама на нагах. Ад удару маланкі камень разваліўся на кавалкі. Людзі пачалі браць іх на падмуркі пры будаўніцтве. Але ў тых дамах, дзе ў падмурку сустракаліся кавалкі Чортавага каменя, жыць было нельга: ноччу адтуль чуўся то плач, то смех, то гучала музыка. Жыхары лічылі, што гэта рабілі злыя духі. Толькі пры асвячэнні памяшкання святаром дзеянні нячыстай сілы знікалі.

Каля вёскі Булавішкі захаваўся вялізны валун, на паверхні якога бачны след, што нагадвае ступню чалавека. Адна з назваў каменя — Чортаў след. Паводле падання, яго на валуне пакінуў чорт, калі нёс яго, каб разбурыць царкву.

На шэрагу азёр Браслаўшчыны сустракаюцца скапленні камянёў, якія нагадваюць падводныя шляхі. Жыхары называюць іх «чортавымі дарогамі». На возеры Бужа, павод- ле падання, такая зроблена чортам, які дамагаўся рукі прыгожай вясковай дзяўчыны. Тая, каб пазбавіцца нежаданага жаніха, загадала яму пабудаваць дарогу з берага да вострава, прычым за адну ноч. Вельмі стараўся чорт, але дарога аказалася няскончанай. Калі заставалася зусім трохі працы, крык пеўня абвясціў пра тое, што ноч скончылася. ■

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *