У пасведчанні аб адукацыі дзевяцікласніка з Браслава — толькі дзясяткі

Люди
У школьным жыцці дзявяты клас — асаблівая пара. Менавіта пасля яго заканчэння да адных прыходзіць асэнсаванне, што наперадзе чакаюць два гады напружанай працы ў старэйшых класах, а іншыя ўжо цяпер плануюць паступаць у профільныя вучэбныя ўстановы. І тым больш узрастае значнасць пасведчання аб базавай адукацыі, бо на аснове яго сярэдняга бала многія каледжы і ліцэі прымаюць абітурыентаў.

У першай гарадской школе ў мінулую суботу 43 вучні ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасці настаўнікаў, бацькоў і сяброў, атрымалі такія дакументы. Прычым шэсць з іх — з адзнакай. Адно ж пасведчанне, якое дырэктар школы Тамара Стома ўручыла Аляксандру Палякоўскаму, яна выдзеліла асобна. І зразумела чаму: яго сярэдні бал склаў роўна 10!

Пасля ўрачыстасці Тамара Андрэеўна падзялілася ўражаннямі:

— Нават не памятаю, калі выпускнікі паказвалі настолькі выдатныя вынікі. Наша школа ганарыцца гэтым унікальным вучнем. Звычайна дзеці вылучаюцца або ў гуманітарным накірунку, або ў дакладных навуках. Саша ж дасягнуў роўных поспехаў ва ўсіх прадметах. Ён штогадовы ўдзельнік і пераможца алімпіяд і міжнародных конкурсаў па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, дзе паказваў высокія вынікі, таксама нязменны капітан інтэлектуальнай каманды, цікавіцца даследчай дзейнасцю па літаратуры, скончыў клас па харэаграфіі. У развіцці такіх рознабаковых здольнасцей вялікая заслуга яго маці Галіны Вік- тараўны, якая заўсёды падтрымлівае сына.

Сам Аляксандр быў немнагаслоўным: — Працаваў увесь год, каб атрымаць вышэйшыя балы. Хлопец, безумоўна, задаволены адзнакамі, хоць і давялося ў дзявятым класе прыкладаць больш намаганняў у вучобе, чым звычайна. Але стараннасць і працавітасць дапамаглі яму мэтанакіравана ісці да жаданых вынікаў. Пры тым Аляксандр знаходзіў хвіліну, каб пабавіць час з сябрамі ці пачытаць цікавую кнігу.

Гэты здольны хлопец ужо вызначыўся з прафесіяй: ён марыць стаць праграмістам і сёлета будзе рабіць першыя крокі па абраным шляху. Пажадаем Аляксандру здзяйснення планаў і такіх жа высокіх дасягненняў! ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *