Прыемны водар духмянай юшкі

В свободное время
Каторы год запар у рамках «Браслаўскіх зарніц» праходзіць конкурс па прыгатаванні юшкі. Яго арганізуе райкам БРСМ сярод працуючай моладзі.

Сёлета ў конкурсе «Браслаўская юшка» вырашылі паўдзельнічаць сем каманд, якія яшчэ зранку разгарнулі ў Леснічоўцы ўздоўж возера Бярэжжа свае імправізаваныя кухні.

Хутка пляцоўка напоўнілася пахам свежага вогнішча, а неўзабаве і далёка за яе межы пачаў распаўсюджвацца водар гатуемай стравы. Гэта, безумоўна, не магло не завабіць гледачоў, якія разпораз з цікаўнасцю падыходзілі да ўдзельнікаў.

Вядома ж, у кожнага повара існаваў свой уласны сакрэт і свая разыначка. Але ўразіць журы трэба было не толькі адметнымі смакавымі якасцямі самой юшкі, але і яе прэзентацыяй, а значыць, патрабавалася праявіць фантазію і творчыя здольнасці.

Трэба сказаць, што тут пастараліся ўсе каманды і парадавалі гледачоў незвычайнымі касцюмамі, казачнымі персанажамі, артыстычнасцю, імправізацыяй і камунікабельнасцю. Таму, лічу, журы было даволі складана справіцца са сваёй галоўнай задачай — вызначыць лепшых повараў любімай турысцкай стравы.

У выніку ж падліку балаў атрымалася, што трэцяе месца дасталося спартыўнай камандзе «КУБА» з аб- ласнога падлеткавага супрацьтуберкулёзнага рэабілітацыйнага цэнтра, другімі сталі повары Відзаўскага каледжа, а вось перамогу святкавалі прадстаўнікі браслаўскага падраздзялення Беларусбанка на чале з яго дырэктарам Зояй Смірновай. Праўда, і ўсе астатнія каманды не засталіся па-за ўвагай журы: актыўным удзельнікам конкурсу з ЦРБ, «Браслаў-камунальніка», цэха па вытворчасці сыру, «Браслаўрыбы» таксама ўручылі дыпломы розных намінацый.

Але незалежна ад занятай прыступкі на п’едэстале перамогі, бадай, усе канкурсанты атрымалі падчас свята юшкі шмат станоўчых эмоцый і падарылі хвіліны радасці гасцям гэтага мерапрыемства. ■

 

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.

Поўны фотарэпартаж па спасылцы:  «Браслаўская юшка».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *