Пра што пісала «Браслаўская звязда» 35 гадоў таму назад (чэрвень 1983-га)

Калейдоскоп
ВЫПУСКНІКІ ПРЫСТУПІЛІ ДА ЗДАЧЫ ЭКЗАМЕНАЎ

Больш за тысячу вучняў школ раёна здаюць экзамены не толькі на трывалыя веды, але і на грамадзянскую сталасць. Учора выпускнікі сярэдніх школ пісалі сачыненне па рускай мове і літаратуры на тэмы «Ленін — правадыр і таварыш наш», «На подзвіг у любое імгненне ўстане грудзьмі маё пакаленне», «Мінулае, сучаснае і будучыня Расіі ў п’есе А. П. Чэхава “Вішнёвы сад”».

ДА ВЕДАМА НАСЕЛЬНІЦТВА

На тэрыторыі лясгаса ў сувязі з высокай пажарнай небяспекай рашэннем райвыканкама забаронена распальванне кастроў. Лясы Браслаўскага лясніцтва нельга наведваць да 1 кастрычніка гэтага года. Для масавага адпачынку працоўных адведзены ўрочышчы «Окменіца», «Мурмішкі», «Пашавічы», «Укля»: там дазволены ўезд транспарту, устаноўка палатак, распальванне кастроў.

У ПАСТАЯННАЙ ГАТОЎНАСЦІ

Цяпер усе капітальныя збудаванні абсталёўваюцца супрацьрадыяцыйнымі сховішчамі ад зброі масавага паражэння. Яны разам са склепамі, падваламі пры дамах практычна забяспечваюць усё насельніцтва ўкрыццём у выпадку магчымага ядзернага ўдару. Аднак у некаторых дамах у Браславе жыхары пераабсталявалі памяшканні пад кладоўкі. Гэта не можа быць апраўдана нічым.

ГАРАЧЫ ВОДГУК У СЭРЦАХ ХЛЕБАРОБАЎ

Як толькі прыйшлі газеты з матэрыяламі чэрвеньскага Пленума ЦК КПСС і прамовай Генеральнага сакратара Ю. У. Андропава, у калгасе «Гвардыя» адразу ж арганізавалі вывучэнне іх у працоўным калектыве. Пастаноўка надзённых праблем, практычная накіраванасць намечаных Пленумам задач знаходзяць гарачы водгук у сэрцах хлебаробаў, выклікаюць высокі палітычны і працоўны ўздым.

«КНІГІ — ЛАНГЕПАСУ»

Ва ўсесаюзную піянерскую аперацыю пад такой назвай актыўна ўключыліся вучні Опсаўскай СШ. Амаль кожны прынёс у школу якую-небудзь цікавую кнігу. Самым актыўным і арганізаваным аказаўся піянерскі атрад, які змагаецца за прысваенне яму імя Марата Казея. Рабяты з яго сабралі 40 кніг. Літаратуру адправілі ў далёкую Сібір дзецям, бацькі якіх узводзяць новы горад Лангепас.

У ЧЫМ ПРЫЧЫНА НЕДАБОРУ МАЛАКА?

У калгасе імя Варашылава сутачны надой малака ад кожнай каровы роўны 8,2 кг — нізкі паказчык для лета, калі на выпасах багата травы. Такое становішча растлумачыць можна толькі заганнай арганізацыяй пашавага ўтрымання жывёлы. З-за безадказнасці ці нерастаропнасці спецыялістаў у гуртах налічваецца аж па 200 кароў, якія да таго ж не атрымліваюць дастатковай зялёнай падкормкі.

КАШТОЎНАЯ СЫРАВІНА ДЛЯ ПРАМЫСЛОВАСЦІ

У кожнай кватэры ці доме накопліваецца зношанае адзенне, макулатура, вырабы з металу. Многа аналагіч- най сыравіны, а таксама непрыгодных аўтапакрышак, гу- мавых камер, шкла ёсць на прадпрыемствах і ва ўстано- вах. Выкарыстанне такой сыравіны прыносіць дзяржаве велізарную выгаду. Таварышы калгаснікі, рабочыя і слу- жачыя! Здавайце каштоўную сыравіну нарыхтоўчым арганізацыям!

НАШ СТАДЫЁН. ЯКІ ЁН?

Стадыён — звычайна арэна масавага спартыўнага жыцця горада. Пра наш жа стадыён гэтага сказаць нельга. Не, на ім трэніруюцца і спаборнічаюць юныя і дарослыя аматары спорту. На жаль, у прамежках паміж спаборніцтвамі ён ператвараецца ў прахадны двор, месца выпасу коней і іншай жывёлы, «сабачы палігон», улюбёнае месца сустрэч гарадскіх выпівох і г. д. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *