«Меч Брачыслава» — як цікавае падарожжа ў мінулае

Власть и общество

Ёсць адзін дзень у годзе, калі калыска Браслава — Замкавая гара — сапраўды ажывае: ператвараецца ў старадаўняе шумнае гарадзішча, напоўненае беларускай гаворкай, гулам кірмашу, свістам стрэл і звонам зброі. І гэты дзень належыць фестывалю сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава». Сёлета ўжо, дарэчы, восьмы раз свята сабрала прыхільнікаў даўніны і прапанавала, як заўсёды, цікавае падарожжа ў мінулае.

АГОНЬ ЖЫЦЦЯ

Гарадзішча напоўнілася насельнікамі. Мужчыны ахоўваюць рубяжы паселішча, жанчыны завіхаюцца па гаспадарцы. Але ж якое жыццё без агню?! На яго здабычу ідуць самыя вопытныя — браслаўчане. Менавіта так, бо, нягледзячы на дапамогу прадстаўнікоў з клубаў гістарычнай рэканструкцыі, галоўную пазіцыю тут кожны год займае асноўны здабытчык — наш зямляк Валерый Зінкевіч. Гледачы ловяць кожны рух і з заміраннем чакаюць жыватворнай іскрынкі. Аднак здабыць агонь — гэта не чыркнуць запалкай. Урэшце воплескамі мужчыны апавяшчаюць, што агонь ёсць, а разам з ім ёсць і жыццё: ежа, святло, цёплы дом.

І ЗАЗВІНЕЛА ЗБРОЯ…

Пасля здабычы агню можна і сілай памерацца: наступае час сапраўднага сярэднявечнага бою. Ваяры з клубаў гістарычнай рэканструкцыі — пастаянныя ўдзельнікі фестывалю з Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, — не шкадуючы сябе, разыгралі ўзяцце крэпасці. Бой — гэта і праяўленне мужчынскай сілы, кемлівасці, хітрасці, і дасціпны гумар. Відовішча непаўторнае, цікавае і пазнавальнае. Здаецца, здзівіць ужо няма чым, але кожны раз ваяры прыдумваюць, як захапіць публіку, каб атрымаўся той самы эфект прысутнасці.

У РЫТМЕ КІРМАШУ

А вось вакол асноўных пляцовак разгарнуўся старадаўні кірмаш. Тут можна было паглядзець на посуд, якім карысталіся нашы продкі, адчаканіць манету, падзівіцца на футра, што выкарыстоўвалася ў вопратцы мінулых часоў, паўдзельнічаць у майстар-класах рамеснікаў. Разам з тым наведвальнікі свята мелі ўнікальную магчымасць разгледзець адзенне эпохі Сярэднявечча, якое дасканала ўзноўлена ўдзельнікамі клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Таксама браслаўчане і госці фестывалю частаваліся блінцамі, спечанымі на вогнішчы, смакавалі духмяны квас, набывалі сувеніры і атрымлівалі асалоду ад пануючай атмасферы.

ЗАБАВЫ ДЛЯ ЎСЁЙ СЯМ’І

Не абышлося без старадаўніх песень і танцаў: дзеці і дарослыя з задавальненнем удзельнічалі ў майстар-класах. Тут жа прадстаўленне давала батлейка, свой спектакль прэзентаваў тэатр «Гістрыён». Самыя меткія спрабавалі сілы ў стральбе з лука. Забавы былых часоў перамяжоўваліся з сучаснымі: карысталіся папулярнасцю аквагрым, мыльныя бурбалкі і святлодыёдныя шары. Напрыканцы фестывалю сваім выступленнем наведвальнікаў Замкавай гары парадаваў гурт «Літы талер». Музыканты прапанавалі кампазіцыі з усіх куткоў сярэднявечнай Еўропы, характэрныя для ІХ-ХІІІ стагоддзяў. Ужо позна вечарам шэсце з паходнямі завяршыла падарожжа ў мінулае, але пакінула надзею на вяртанне свята ў наступным годзе. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.

Поўны фотарэпартаж па спасылцы:  «Меч Брачыслава».

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *