«Дзе я — там усе, дзе ўсе — там і я». Як жывецца выхаванцам дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Відзах?

Власть и общество
Думаю, бацькі са мной пагадзяцца, што выхаванне дзяцей — складаная і адказная справа. І як часам цяжка дастукацца да дзіцячага сэрца і закрануць патрэбныя струны душы, каб знайсці ўзаемапаразуменне з уласным сынам ці дачкой. А выхоўваць чужых дзяцей — сапраўды тытанічная праца.

Ужо пяць гадоў у Відзах існуе дом сямейнага тыпу, дзе яго гаспадыня і выхавальніца Святлана Дземіткевіч выхоўвае абдзеленых бацькоўскай любоўю і клопатам дзяцей. Усяго за гэты час жанчына прыняла ў дружную сям’ю каля 20 выхаванцаў. Адны знаходзіліся тут некалькі месяцаў, іншыя — некалькі гадоў, але жанчына памятае ўсіх, бо кожнаму з іх яна аддала часцінку свайго сэрца. Сёння ў дзіцячым доме сямейнага тыпу выхоўваюцца дзесяць дзетак ад трох да 14 гадоў.

З нагоды першага юбілею разам з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірынай Аніська мы з падарункам завіталі да іх у госці.

Стракатыя кветнікі, казачныя фігуркі ў розных куточках двара, дагледжаны агарод, упрыгожаная альтанка — усё сведчыць пра неабыякавасць і дбайнасць гаспадыні. Толькі адразу ўзнікае пытанне: калі ж яна паспявае стварыць і дагледзець такую прыгажосць?

Пачуліся радасныя галасы дзяцей, якія вярнуліся з дзіцячага сада і школы. Самыя малыя з воклічам «Мама!» падбеглі да Святланы Антонаўны, каб прытуліцца да яе. Старэйшыя больш стрымана павіталіся з гасцямі і заняліся сваімі справамі.

За кубачкам духмянай гарбаты Святлана Дземіткевіч расказала пра жыццё сваёй вялікай сям’і. Зразумела, адзначыла субяседніца, дастукацца да дзіцяці, пакрыўджанага роднымі бацькамі, даволі цяжка. І толькі любоў і паразуменне могуць растапіць ільдзінку ў яго душы. Безумоўна, без цяжкасцей не абысціся, бо кожнае дзіця перажывае бяду па-свойму. Адно замыкаецца ў сабе, другое становіцца агрэсіўным, трэцяе — абыякавым. І да кожнага трэба падабраць запаветны ключык, прабіцца скрозь яршыстасць, недавер і напаіць гаючым эліксірам пяшчоты.

 Святлана Дземіткевіч: «Да ўсіх дзетак трэба адносіцца як да родных і жыць адзінай дружнай сям’ёй».

Са слязьмі на вачах узгадвае маці-выхавальніца першыя ночы ўжо сваіх дзяцей. Многія ў сне кідаліся ўбакі, ускрыквалі, плакалі. Усіх яна супакойвала, як маленькіх, калыхала ўсю ноч. Такі клопат, увага і сардэчная цеплыня дапамаглі пераадолець глухую сцяну і знайсці ўзаемапаразуменне з выхаванцамі.

— Значную ўвагу, — працягвае размову Святлана Антонаўна, — надаём працоўнаму выхаванню, стараемся прывучыць дзяцей да самастойнасці. Зразумела, самым маленькім дапамагаем і мы, і старэйшыя. Усе яны вырастуць і выправяцца ў дарослае жыццё, таму павінны ўмець паклапаціцца пра сябе і іншых.

У кожным дзіцячым пакоі пануе парадак, адзенне акуратна складзена ў шафах, кнігі і падручнікі стаяць на паліцах, цацкі — у адведзеных месцах. Да мужчынскай работы хлопчыкаў прывучае сын Святланы Антонаўны Антон, які таксама з’яўляецца выхавальнікам у гэтай дружнай сям’і. Разам яны майструюць, рыхтуюць градкі пад пасадку, нацягваюць парнік, у вольны час гуляюць у футбол, іншыя цікавыя рухомыя гульні.

Ёсць у сям’і свае традыцыі. Кожную нядзелю ўсе абавязкова наведваюць касцёл, бо сувязь з Богам, лічыць С. Дземіткевіч, робіць чалавека добрым і спагадлівым. Пасля імшы накіроўваюцца ў мясцовую бібліятэку. Перад сном паўгадзіны ўсе чытаюць кнігі. Адзначаюць дні нараджэння, уласнымі рукамі рыхтуюць імянінніку падарункі.

Адным словам, жыццё гэтай згуртаванай сям’і падпарадкавана закону: дзе я — там усе, дзе ўсе — там і я.

Безумоўна, бывае, што хтосьці не паслухаецца, нешта не тое зробіць. Але ж такое з кожным дзіцём здараецца. А пабегаць, паскакаць усім хочацца — на тое і дзеці. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *